В Кореличском районе функционируют 8 студотрядов, в которых работают 116 юношей и девушек

Лета — час не толькі адпачыць і набрацца сіл. За гэтыя тры месяцы школьнікі і студэнты могуць далучыцца да працоўнай дзейнасці, папоўніць свой бюджэт, знайсці новых сяброў, а галоўнае, атрымаць бясцэнны вопыт.

Дажджлівая жнівеньская раніца. Неба зацягнута шэрымі хмарамі, прамяні сонца з цяжкасцю прабіваюцца скрозь іх, гуляюць у лужынах сонечнымі зайчыкамі. На зернесушыльным комплексе КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” чакаюць указанняў маладыя людзі — удзельнікі студатрада “Працоўныя рэзервы імя Г. І. Сташэўскай”, у якім працуюць чатырнаццаць чалавек ад 14 да 18 гадоў.

Камандзір атрада студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжнародных камунікацый” Ганна Сачук распавядае, што бачыць у працы летам толькі плюсы:

— Гэта цікава. Развівае адказнасць, ініцыятыўнасць, камандны дух.

Пра сваіх падапечных Ганна адклікаецца як пра добрых і адказных рабят, з якімі вельмі прыемна працаваць:

— З імі вельмі цікава. Многія прыйшлі на працу ў першы раз, у іх не было працоўных кніжак, і яны не ведалі, што гэта такое. Юнакі і дзяўчаты пазнаёміліся, пасябравалі і цяпер працуюць як адна каманда, стараюцца. Класныя рабяты.

Куды патраціць грошы, заробленыя ў студатрадзе, Ганна яшчэ не ведае. Дзяўчына разважае, што лепш пакласці іх у капілку.

У карысці працы ў студэнцкіх атрадах упэўнены і самі маладыя людзі. Мы пацікавіліся ў рабят, чаму яны вырашылі зрабіць сваё лета працоўным.

Выпускніца СШ г. п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Кацярына Давідзенка распавядае, што прыйшла, каб добра правесці час, сустрэцца з сябрамі і падзарабіць:

— Мае калегі таварыскія, гатовыя прыйсці на дапамогу. Праца не складаная, але яе хапае.

Падабаецца на комплексе і Якаву Мінееву, які працуе тут упершыню:

— Вырашыў правесці лета з карысцю і зарабіць грошай. З рабятамі пасябравалі, бо сумесная праца аб’ядноўвае. У наступным годзе наўрад ці атрымаецца папрацаваць, трэба будзе займацца паступленнем, але сваім сябрам буду раіць прыйсці на працу.

Дырэктар КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Анастасія Рабцэвіч кажа, што студатрады — выдатная традыцыя:

— Гэта карысна як для прадпрыемства, так і для саміх падлеткаў. Яны набіраюцца вопыту, пачынаюць больш глыбока разумець сэнс працы і паважаць тых, хто шчыруе на зямлі, чыімі рукамі здабываецца ўраджай.

Першы сакратар Карэліцкага РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Аксіння Ждан расказвае, што на дадзены момант у раёне функцыянуе 8 студэнцкіх атрадаў, у якіх шчыруюць 116 юнакоў і дзяўчат. Удзельнікі студатрадаў дапамагаюць аграрыям захаваць ураджай, а таксама працуюць на базе ДАЛ “Вясёлка” і ў Карэліцкім РУП ЖКГ.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара