Механизаторы ОАО «Кореличи-Лён» стали победителями областного соревнования на уборке льна

Сёлета ў абласным спаборніцтве на ўборцы льну прынялі ўдзел працаўнікі ААТ “Карэлічы-Лён” і ААТ “Дварэцкі льнозавод”. У выніку карэліцкія механізатары Аляксандр Сасноўскі і Анатолій Норэнберг сталі лепшымі ў вобласці на церабленні паўночнага шоўку без ачоса скрыначак.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская ўручыла ім узнагароды Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

На сустрэчы з перадавікамі Ірына Пянькоўская адзначыла, што добры настрой чалавек стварае сабе сам, сваёй працай.

Аляксандр Сасноўскі працуе на прадпрыемстве ўжо 6 гадоў. Калісьці ён прыехаў на вучобу ў Карэлічы са Шчучынскага раёна. Тут сустрэў сваю жонку і застаўся жыць і шчыраваць на Карэліччыне. Працаваць на льнозаводзе яму вельмі падабаецца, бо ў працы ёсць разнастайнасць:

— Летам мы на ўборцы, пасля ўборкі заступаем на змену. За працай час пралятае вельмі хутка. Здаецца, што я толькі нядаўна прыйшоў на завод, а ўжо прайшло 6 гадоў.

Анатолій Норэнберг падтрымлівае калегу:

— На заводзе я ўжо 15 гадоў. Летам — на ўборцы, потым перапрацоўваем тое, што нарыхтавалі. Так, можа быць, часам цяжка, але лёгкай працы няма. Дапамагае калектыў. Мы працуем, як адзіны механізм, кіруючыся дэвізам “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара