Эстафету акции «Наш животновод» приняли работники КУСП «Черняховский-Агро»
Эстафету і бонусы за працу ў рамках акцыі “Наш жывёлавод” працаўнікі СВК “Маяк-Заполле” перадалі работнікам КУСП “Чарняхоўскі-Агра”. Тут лепшых жывёлаводаў гаспадаркі віталі ва ўтульнай зале Турэцкага Дома культуры. Удзел ва ўрачыстасці прынялі галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Валянціна Манько, галоўны бухгалтар Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Алена Валчэцкая і спецыялісты сельгаспрадпрыемства.
Перад тым, як уручыць заслужаныя ўзнагароды, прадстаўнікі райвыканкама пагутарылі з жывёлаводамі і аператарамі машыннага даення малочна-таварных ферм, пацікавіліся наяўнасцю спецадзення, умовамі працы і адпачынку работнікаў. Асобна абмеркавалі вытворчыя паказчыкі, ад якіх залежыць заработная плата, эканамічны дабрабыт гаспадаркі.
У сваім звароце да прысутных Валянціна Манько адзначыла:
— У жывёлагадоўлі не бывае перапынку. Гэта работа круглы год. Кожны дзень напоўнены напружанай працай, якая патрабуе фізічных сіл і душэўнай увагі. Хочацца падзякаваць вам за працу і пажадаць новых дасягненняў.
Падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі аператары па кармленні свінагадоўчага комплексу пры в. Тарасавічы Ірына Гіль і Сяргей Кныш, аператар механізаванай фермы “Адамова” Мікалай Ласоўскі, аператар машыннага даення МТФ “Лыкавічы” Таццяна Чамбровіч, жывёлавод МТФ “Загор’е” Таццяна Царук, аператар механізаванай МТФ “Вялікая Слабада” Святлана Ясюля.
— На свінагадоўчым комплексе, на МТФ патрэбен менавіта такі чалавек: адказны, умелы, працавіты і абавязкова добры. Жывёла нутром адчувае стаўленне да іх чалавека, і гэта адбіваецца на паказчыках, — запэўніў ветэрынарны ўрач гаспадаркі Андрэй Гаўрош і дадаў, што заўсёды прыемна, калі вынік працы прыкмечаны і работнікі атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Ён пажадаў усім быць годнымі гэтых узнагарод і імкнуцца да новых, дасягаючы больш значных вынікаў.
Музычнае віншаванне лепшым жывёлаводам адрасавалі работнікі мясцовага Дома культуры.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара