О новых условиях для назначения семейного капитала и досрочного распоряжения им рассказывает директор Центра социального обслуживания населения Кореличского района Инесса Семибратова

23 лютага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 69, які ўдасканальвае парадак прадастаўлення сямейнага капіталу. Пра змены пагаварылі з дырэктарам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэсай Сямібратавай.

— Інэса Мікалаеўна, як змяніліся ўмовы атрымання сямейнага капіталу?

— Павышана сацыяльная адказнасць бацькоў за забеспячэнне дабрабыту сям’і і дзяцей. Указам права на прызначэнне і датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу ўвязана з занятасцю працаздольнага бацькі (айчыма) ў поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай. Пры прызначэнні сямейнага капіталу разглядаецца занятасць на дату звароту і не менш за 6 месяцаў з апошніх 12 перад месяцам звароту; пры датэрміновым распараджэнні — занятасць на дату звароту і не менш за 12 месяцаў з апошніх 24 месяцаў перад месяцам звароту. Сямейны капітал не прадастаўляецца сем’ям, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адабраны з сям’і.

Таксама Указам урэгуляваны парадак вяртання ў рэспубліканскі бюджэт неабгрунтавана выкарыстаных сродкаў у выпадку парушэння грамадзянамі патрабаванняў заканадаўства аб сямейным капітале.

— Якія новаўвядзенні чакаюць пры датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу?

— Права датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў цяпер магчыма рэалізаваць толькі, калі ў сям’і адсутнічае ва ўласнасці жыллё, у якім на аднаго чалавека прыпадае 15 кв. метраў і больш (у Мінску — 10 кв. метраў і больш). Указам устаноўлена забарона на адчужэнне набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу жылых памяшканняў на працягу 5 гадоў з даты рэгістрацыі права ўласнасці на жылое памяшканне, права ўласнасці на якое зарэгістравана з 2020 года.

Датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу на атрыманне медыцынскіх паслуг магчыма толькі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя; устаноўлены парадак выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на стаматалагічныя паслугі — па частках, у памеры, які не перавышае 50% ад сумы дагавора на аказанне паслуг з канчатковым разлікам пасля завяршэння атрымання гэтых паслуг.

Пры датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі яго сродкі будуць выкарыстоўвацца часткамі штогод у памеры, які не перавышае кошт навучання за бягучы і (або) папярэдні навучальныя гады.

Змены ўступаюць у сілу 28 мая 2024 года.

Для атрымання поўнай інфармацыі па пераліку дакументаў і звестак, якія грамадзянін павінен прадаставіць для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур па прыняцці рашэнняў аб прызначэнні сямейнага капіталу і датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу, вам неабходна звяртацца ў службу “Адно акно” Карэліцкага райвыканкама або па тэлефоне 2-12-55.

Аднымі з тых, хто скарыстаўся сямейным капіталам, сталі Андрэй і Ірына Худніцкія, якія вырашылі аформіць яго пасля нараджэння трэцяга сына Аляксандра.

Сям’я Худніцкіх з г.п. Карэлічы з дапамогай дзяржаўнай падтрымкі купіла дом

— Для вялікай сям’і патрэбен вялікі дом, — кажуць сужэнцы. — Дзеці растуць, ім неабходна прастора. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы набылі сабе ўласны дом з участкам. Гэта быў жылы шасціпакаёвы дом, які мы адрамантавалі і перарабілі пад сябе. Замест старых печак з’явілася газавае ацяпленне. Засталіся задаволены: вуліца ціхая, дзеці могуць спакойна гуляць на двары.

Кампетэнтна

—  Грошы, якія ляжаць на рахунках шматдзетных сем’яў, капіталізуюцца, — адзначае міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч. — З 2015 года гэта 134 тысячы дэпазітных рахункаў на 134 тысячы шматдзетных сем’яў. Сумарна дадзены аб’ём ацэньваецца ў 4 мільярды рублёў — гэта тое, што было накіравана непасрэдна ў рамках сямейнага капіталу. Каля 30 працэнтаў сродкаў сямейнага капіталу выкарыстана датэрмінова. Асноўная доля ідзе на будаўніцтва жылля. З 1 студзеня сямейны капітал праіндэксаваны — ён павялічыўся больш, чым на 1,5 тысячы рублёў. І сёння ён складае 31 480 рублёў. 2024-ы для сямейнага капіталу юбілейны, яму дзесяць гадоў. У бюджэце прадугледжана 380 мільёнаў рублёў. Будзем вельмі рады прызначаць. Таму сардэчна запрашаем за сямейным капіталам у дзяржаўныя органы!

ДАВЕДАЧНА

У 2023 годзе сямейны капітал прызначаны 27 шматдзетным сем’ям Карэліцкага раёна. 21 сям’я распарадзілася сродкамі сямейнага капіталу датэрмінова (на паляпшэнне жыллёвых умоў — 18, на аказанне платных медыцынскіх паслуг — 2, на атрыманне адукацыі — 1). Усяго з моманту дзеяння сямейнага капіталу назначаны і адкрыты 243 дэпазітныя рахункі.

У студзені 2024 года сямейны капітал прызначаны 5 сем’ям, аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу рашэнні не прымаліся (пададзена адна заява).

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара і БелТА