Полезная информация от ГАИ, МЧС и медиков: как на каникулах обойтись без травм?

Каб радасны час летніх канікул запомніўся толькі прыемнымі ўспамінамі, дарослым варта паклапаціцца аб прафілактыцы дзіцячага траўматызму.

Асабліва адказны летні перыяд для Дзяржаўтаінспекцыі. Менавіта на гэты час выпадае больш за ўсё дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам юных пешаходаў і пасажыраў. Прычым 80% усіх ДТЗ, у якіх пацярпелыя – непаўналетнія, здараюцца па віне дарослых. На праблему бяспекі дзяцей на дарозе і на павышэнне ўзроўню адказнасці бацькоў і вадзіцеляў якраз і накіравана рэспубліканскае прафілактычнае спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”, якое сёлета працягнецца да 5 чэрвеня.

У прыватнасці, у межах гэтай акцыі супрацоўнікі МА ДАІ Навагрудскага РАУС рэгулярна праводзяць рэйды на Карэліччыне. Падчас іх дзяржаўтаінспектары нагадваюць дарослым і юным удзельнікам дарожнага руху простыя правілы, як не трапіць у ДТЗ. Так, у перыяд акцыі вадзіцелі павінны памятаць пра ўключанае блізкае святло фар у светлы час сутак, выконваць хуткасны рэжым, правільна перавозіць непаўналетніх і быць асабліва ўважлівымі паблізу дзіцячых устаноў, пры праездзе нерэгуляваных пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту і ў дварах.

Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху ў Карэлічах

Пра гэта гаварылі супрацоўнікі ДАІ і падчас Адзінага дня бяспекі дарожнага руху, што прайшоў 29 мая. Разгледзім асноўныя тэмы, агучаныя падчас такіх прафілактычных размоў. Пачнем з юных пешаходаў. Сярэдняя вышыня аўтамабіля складае 150 см. Такі рост маюць дзеці ва ўзросце 12-14 гадоў. А значыць, што іх будзе проста нябачна з-за прыпаркаваных аўтамабіляў у дварах і на іншых праездах. Пра такую няхітрую арыфметыку варта памятаць дзецям-пешаходам і вадзіцелям. Яшчэ адна актуальная тэма – паводзіны на пешаходным пераходзе. Тут перш, чым перайсці, дзіця мусіць адарвацца ад гаджэтаў і навушнікаў ды ўпэўніцца, што транспарт спыніўся і прапускае яго.

Што тычыцца дзяцей-пасажыраў, то для іх перавозкі павінны выкарыстоўвацца аўтакрэслы, а калі рост і ўзрост дазваляюць – рамяні бяспекі. Важна належна паводзіць сябе і ў грамадскім транспарце. Чакаць яго варта на аддаленні і не падыходзіць блізка да пад’язджаючага аўтобуса, унутры моцна трымацца за поручні альбо ўпэўнена сядзець, у час руху не хадзіць па салоне.

І, нарэшце, юныя веласіпедысты. Найперш перад дарогай ім варта не забыць пра шлем, налакотнікі і накаленнікі. Для язды неабходна выбіраць тратуары і веладарожкі, паркі і зоны адпачынку. Калі гэта маленькі населены пункт, то дзяцей трэба накіроўваць на стадыён ці любыя іншыя ўчасткі, дзе няма руху транспарту альбо ён мінімальны.Таксама юным веласіпедыстам варта памятаць пра хуткасць: яна павінна быць невысокай, асабліва ў людных месцах і паблізу скрыжаванняў. Яшчэ адзін важны пункт: перасячэнне пешаходнага перахода. На ім абавязкова трэба спешыцца і весці веласіпед побач з сабой.

Пра тое, што падрастаючае пакаленне патрабуе ад дарослых самай пільнай увагі, гавораць і лічбы статыстыкі дзіцячага траўматызму, прадастаўленыя Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь: ад знешніх прычын у 2016 годзе загінула 154 чалавекі ва ўзросце да 17 гадоў, у 2017 годзе – 146, у 2018 годзе – 137, у 2019 годзе – 120.

Варта прыслухацца і да рэкамендацый медыцынскіх работнікаў. Па іх словах, самыя цяжкія траўмы дзеці атрымліваюць пры падзенні з вышыні. Таму дарослым варта сачыць за тым, каб каля акон не стаяла мэбля ці іншыя прадметы, з якіх малое дзіця можа забрацца на падаконнік. Не лішнім будзе пагаварыць з падрастаючым пакаленнем пра небяспеку рабіць сэлфі на дахах ці лазіць па закінутых будынках. Таксама прычынай звароту да ўрача летам могуць стаць любімыя хлопчыкамі і дзяўчынкамі ролікі і веласіпеды. Таму бацькам перш, чым адпусціць юных аматараў хуткай язды катацца на іх, належыць паклапаціцца пра налакотнікі, накаленнікі і іншыя рэчы, якія абароняць ад траўмаў.

Памятайце, лепшы падарунак ад дарослага дзіцяці – клопат пра яго бяспеку.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ