Объединение колхозов, подписка на периодику, фестиваль самодеятельного творчества. События Кореличчины, про которые газета «Полымя» писала в 1978-1988 годах

Аб’яднанне калгасаў, падпіска на перыёдыку, фестываль самадзейнай творчасці. Цікавыя падзеі раёна, пра якія пісала раённая газета «Полымя» ў 1978-1988 гадах.

? 28 студзеня 1978 года

Запольскія школьнікі даўно пралажылі першую лыжню на 1, 2, 3 кіламетры. На ёй пабывала больш ста вучняў: класы рыхтуюцца да здачы нарматываў ГПА І і ІІ ступеняў.

Любяць рабяты і хакей. На рацэ яны расчысцілі лёд ад снегу, зрабілі вароты, і ў вольны час праходзяць гульні. Зараз пачаліся спаборніцтвы паміж класамі за першынства школы.

? 10 лютага 1979 года

З мэтай далейшай спецыялізацыі і канцэнтрацыі вытворчасці 7 лютага хлебаробы гаспадарак імя Калініна і «Шлях Ільіча» на сваім агульным сходзе вырашылі аб’яднацца ў адзін калгас. Названы ён імя Калініна. Старшынёй праўлення абраны А. А. Зантовіч.

У гэты дзень адбыўся сход хлебаробаў калгасаў імя Гастэлы і імя Я. Коласа, на якім таксама аб’яднаны названыя гаспадаркі. Узбуйнены калгас атрымаў назву імя Гастэлы. Старшынёй абраны А. М. Сокалаў.

? 22 сакавіка 1980 года

Ініцыятыва жыхароў Паланаеўскага сельскага Савета па павялічэнню закупу лішкаў малака ў насельніцтва знайшла шырокую падтрымку ў Ярэміцкім сельсавеце. У свой час актывісты Савета, члены селькамаў абышлі ўсе вёскі, выявілі магчымасці кожнага жыхара па здачы малака. На падставе атрыманых даных былі складзены планы закупу прадукцыі, і вынікі праведзенай работы відавочныя: за два месяцы сабрана 24 490 кілаграмаў малака — у два разы больш, чым за такі ж перыяд летась.

? 24 снежня 1981 года

Паспяхова правялі падпіску на газеты і часопісы на 1982 год работнікі раённага вузла сувязі і агенцтва «Саюздрук». Імі распаўсюджана выданняў па падпісцы на 191,8 тысячы рублёў, што амаль на 20 тысяч рублёў больш у параўнанні з мінулым годам.

? 4 верасня 1982 года

Кожны дзень на прыёмны пункт ільнозавода прыходзяць машыны з ільносаломкай. Сярод іх машыны, якія прывезлі гэтую каштоўную сыравіну з калгаса імя Суворава. План здачы льносаломкі ў колькасці 100 тон гаспадарка выканала — здадзена яе 366 тон. Уся саломка прынята нумарамі 1—1,25.

? 30 снежня 1982 года

У гэтыя дні ва ўсіх калектывах прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, арганізацый і ўстаноў праходзяць урачыстыя сходы, прысвечаныя 60-годдзю ўтварэння СССР. Урачыста адзначылі гэтую слаўную дату ў раёне. На свята ў Карэлічы прыбылі госці са спаборнічаючых раёнаў, прадстаўнікі партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў, дэлегацыі прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў раёна, камсамольцы, піянеры і школьнікі.

? 1 лістапада 1983 года

Амаль месяц у вёсках калгаса імя Чарняхоўскага праходзіць фестываль самадзейнай творчасці, прысвечаны 40-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які быў адкрыты 6 кастрычніка ў Турэцкім ЦДК. З цікавай, змястоўнай праграмай самадзейныя артысты пабывалі ўжо ў дзевяці вёсках калгаса. З поспехам яны выступілі ў вёсках Вялікая Слабада, Браносава, Беразавец, Крынкі, Некрашэвічы, Загор’е, Чыжыноўцы і іншых.

? 26 красавіка 1984 года

Будаўнічая брыгада з ПМК-68, якую ўзначальвае Уладзімір Іванавіч Тананка, нядаўна закончыла ўзвядзенне корпуса гасцініцы. Працуючы па брыгаднаму падраду, калектыў выканаў работу на месяц раней тэрміну. Зараз перадавікі вытворчасці працуюць на будаўніцтве 30-кватэрнага дома, прытым зноў паспяхова. Літаральна за некалькі тыдняў яны ўжо ўзвялі два паверхі, а да канца мая абавязаліся закончыць укладку сцен і перагародак усіх пяці паверхаў. Працуе брыгада ў дзве змены.

? 24 жніўня 1985 года

Да перапрацоўкі новага ўраджаю прыступіў кансервавы цэх калгаса «Ленінскі шлях», прадукцыя якога добра вядома спажыўцам не толькі нашага раёна, але і пакупнікам горада Мінска. У гэтым сезоне ўжо выраблена 136 тысяч уліковых банак прадукцыі. Сёлета тут выпускаюць яблыкі і грушы ў цукровым сіропе, сок яблычны натуральны і купажыраваныя сокі, сярод якіх яблычна-клубнічны, яблычна-парэчкавы. Упершыню вырасцілі сёлета на калгасным агародзе кабачкі, перапрацоўку якіх вядуць у цэху.

? 19 красавіка 1986 года

На свята працы выйшла звыш 300 медыцынскіх работнікаў. 150 з іх працуюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі райбальніцы: разбіваюць клумбы, садзяць кветкі, дэкаратыўныя дрэвы. Асноўная частка работнікаў занята на будаўніцтве райпаліклінікі. Медыкі аказваюць таксама дапамогу работнікам раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі пры райвыканкаме: працуюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі ля гасцініцы.

? 24 сакавіка 1987 года

У першым годзе пяцігодкі чысты даход калгаса «Савецкая Беларусь» склаў 970 тысяч рублёў. Частка іх накіравана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадаркі. Толькі ў студзені-лютым на набыццё новай сельскагаспадарчай тэхнікі выдаткавана 49 тысяч рублёў. Днямі тут чакаюць папаўнення аўтапарку першынцам вялікагрузных аўтамабіляў «КАМАЗ». Што ж, багаты ўраджай і вазіць на вялікай машыне.

? 22 сакавіка 1988 года

Наш раён прызнаны пераможцам у рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве за павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве льну ў 1987 годзе.

16 сакавіка старшыня аблвыканкама Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя ўручыў прадстаўнікам раёна пераходны Чырвоны сцяг Цэнтральнага Камітэта КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ. Уручаны таксама два пераходныя Чырвоныя сцягі абкама КПБ, аблвыканкама, аблсаўпрофа і абкама камсамола — за перамогу ў спаборніцтве за павышэнне ўраджайнасці лёну і за эфектыўнае выкарыстанне тэхнікі.

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фотаздымкі з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея

Працяг будзе…