На гэтым тыдні на волю выйшлі першыя зняволеныя, якіх напярэдадні памілаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сярод іх 30 чалавек, асуджаных за злачынствы пратэстнай накіраванасці. Усе яны атрымалі шанс рэабілітавацца перад дзяржавай і грамадствам, — лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін.

— Час усё расстаўляе на свае месцы. Вось і апошнія падзеі па вызваленні з месцаў зняволення асоб, асуджаных за пратэсты ў 2020 годзе, таму прыклад. Гледзячы на рэакцыю тых, хто здымаў на гэтым сліўкі, можна сцвярджальна сказаць: не чакалі! Чужыя даходы не лічым, але перакананы, што на гэтым хтосьці атрымліваў і атрымлівае велізарныя грошы. Хтосьці, але не тыя, хто сваімі рукамі спрабаваў зрынуць уладу ў краіне. А іх выкарысталі і кінулі. Многія людзі ўжо ў перыяд ажыццяўлення антыдзяржаўных дзеянняў пачалі ўсведамляць іх неправамернасць, спадзяваліся, што іх не заўважаць. Аднак закон суровы і адзін для ўсіх і кожнага.
Памілаванне — гэта сур’ёзны крок гуманізму з боку Кіраўніка дзяржавы, крок прабачэння, крок да магчымасці пачаць жыццё з пачатку і перасцерагчы на сваім прыкладзе тых, хто верыць у заморскія пернікі. А наколькі сумленна выканаюць свае абяцанні выйшаўшыя на волю і ці можна верыць тым, хто просіць аб памілаванні, на іх прыкладзе пакажа зноў жа час.
Іна ЛЕЙКА







