
Напярэдадні светлага свята Вялікадня рэдакцыя газеты “Полымя” аб’явіла фотаконкурс “Самы лепшы куліч”. На электронны адрас раёнкі прыйшло дзевяць салодкіх работ, а пераможцай стала пяцігадовая Лера Дземяновіч, за якую прагаласаваў 481 чалавек.
— Мы ўбачылі запіс аб аб’яўленні конкурсу на сайце газеты і вырашылі прыняць у ім удзел, — расказала мама Леры Аксана. — Бабуля Леры Марына Уладзіміраўна штогод пячэ дамашнія кулічы, мы ўпрыгожылі іх. Якраз на Вялікдзень вывеліся кураняты, так і нарадзілася фота.
За фотаздымак Леры галасавалі ўсе родныя і блізкія людзі. Мама дзяўчынкі кажа, што перамога ў фотаконкурсе стала для іх сям’і прыемнай нечаканасцю:
— Раніцай зайшлі ў інстаграм, убачылі, што перамаглі і здзівіліся. Усе работы былі годнымі першага месца, таму тое, што пераможцамі сталі менавіта мы, стала для нас прыемным сюрпрызам.
Ад імя рэдакцыі дзяўчынку павіншавала з перамогай галоўны рэдактар газеты “Полымя” Іна Лейка, якая пажадала пераможцы і далей прымаць удзел у разнастайных конкурсах і дасягаць новых перамог. У падарунак Лера атрымала дыплом пераможцы і набор мастацкіх прылад, з дапамогай якіх дзяўчынка зможа ствараць новыя шэдэўры.







