
Сёння не ўсе ведаюць, што аўтарам слоў і музыкі, а таксама адным з выканаўцаў песні «Надо!» з’яўляецца наш зямляк, былы вучань Баранавіцкай сярэдняй школы, а зараз дырэктар аддзялення № 407 ААТ «ААБ Беларусбанк» горада Дзятлава Аляксей Юхневіч.
Гэтай зімой сацыяльныя сеткі ўзарвала песня-чэлендж «Надо!», адрасаваная нашаму Прэзідэнту і ўсім беларусам. Яе актыўна «лайкалі» ў ТікТок і інстаграм, здымалі пад музыку свае сюжэты і проста падпявалі.
Нарадзілася песня спантанна, па натхненні. Аўтар двойчы запар натрапіў на чэлендж «Надо!», у якім калектывы краіны заклікалі Прэзідэнта Беларусі да ўдзелу ў выбарах. Так прыйшла ідэя напісаць песню — простую, зразумелую, блізкую людзям. Усё пачалося з прыпева, у якім заключалася ўсё тое, што найбольш патрэбна кожнаму беларусу — мірнае неба, хлеб на стале, упэўненасць у заўтрашнім дні.
Радкі і мелодыя склаліся за хвіліну і стала зразумела — песні быць! Зрабіў першую аранжыроўку на тэлефоне з дапамогай нейрасеткі… Падзяліўся ідэяй са сваім калегам, кіраўніком аднаго з аддзяленняў Беларусбанка ў Мінску, Аляксандрам Шымулевічам. Ён прапанаваў зрабіць запіс на студыі і паказаць рэжысёру галаканцэрта «Марафон адзінства», да якога ён рыхтаваўся ў той час. Тыдзень рэпетыцый і прагнозаў — і песня «Надо!» загучала на сцэне Палаца спорту пад акампанемент Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга…
Затым атрымалі запрашэнне на перадачу «Добрай раніцы, Беларусь». 24 студзеня адбылася прэм’ера песні, дзе заспявалі дуэтам з Аляксандрам Шымулевічам.
— Музыка — маё хобі, якое звязана пераважна з напісаннем песень. З аўтарскай песняй мы з Аляксандрам перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе Беларусбанка «Мая Радзіма Беларусь». У рамках другога конкурсу прэзентавалі песню «Дзяўчынкі Беларусі», якую таксама напісаў я.
Усё геніянальнае проста, пагэтаму зразумела ўсім. Песні Аляксея нараджаюцца ад запатрабавання часу, прыклад — «Надо!», ад глыбіні пачуццяў — песня «Мама», якую ён напісаў для сваёй маці.
Усс Валянціну Яўгенаўну мне пашчасціла добра ведаць, цудоўную жанчыну, гаспадыню, працаўніцу, чалавека шчырага сэрца. Яна гатова прыйсці на дапамогу каму патрэбна, і яе дзеці, тры сыны і дачка, унаследавалі ў яе лепшыя якасці, выраслі сапраўднымі людзьмі, прынялі ад маці цеплыню яе сэрца.
І зусім невыпадкова, што песня «Мама» пранікае ў сэрца многіх матуль, хто пачуе яе ў выкананні ўдзячнага сына. Гэта прамова ад імя дарослага сына, які ўжо нечага дасягнуў у жыцці, каб сказаць словы ўдзячнасці дарагому чалавеку за веру, любоў і падтрымку.
— Я люблю песні, пішу іх з задавальненнем, галоўнае для мяне — не я як спявак, а аўтар тэкстаў і музыкі.
Спяваць і іграць на гітары ён пачаў з самага дзяцінства, з класа чацвёртага. Быў пастаянным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, пісаў вершы, гумарыстычныя куплеты. Дзякуючы галоўнаму вядучаму праграмы КВЗ, натхняў усіх рабят, удзельнікаў у час падрыхтоўкі і выступлення, мы занялі прызавое другое месца ў раённым конкурсе. У мяне і зараз захавалася некалькі яго работ у выніку ўдзелу ў гуртку «Натхненне», першыя спробы пяра.
Творчае натхненне не пакідала Лёшу і пасля заканчэння школы. Ён актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці ў час вучобы ў каледжы, дзе таксама быў капітанам зборнай КВЗ, у час службы ў арміі і вучобы ў ВНУ.
— Бясспрэчна, мой жыццёвы шлях будзе звязаны са сферай банкаўскіх паслуг, гэта прафесія і прызначэнне. Але музыка і песні таксама на ўсё жыццё.
Аднойчы на вечары сустрэчы з выпускнікамі ён, як былы вучань, заспяваў сваю песню ўдзячнасці. Я жартам сказала, што хацела б, каб хоць адзін мой верш стаў песняй… І праз год гэта здарылася. Лёша заспяваў. Незабыўны, цудоўны падарунак ад былога вучня.
Нават і цяпер не заганарыўся сваёй пасадай і вядомасцю, спявае на святах, куды яго запрашаюць, ды і ў Баранавіцкім клубе не госць, а часты ўдзельнік.
— Колькі ў цябе ўжо ёсць песень?
— Ужо каля пятнаццаці кампазіцый ёсць. Але я найперш не спявак, а аўтар тэкстаў і музыкі, і гэты напрамак можна развіваць.
Ёсць мара, каб песні сталі хітамі ў выкананні зорак беларускай эстрады.
Хочацца, каб усе мары гэтага цудоўнага, таленавітага, творчага маладога чалавека спраўдзіліся.
Аляксандра ПАНАСЕНКА
Фота з акрытых інтэрнэт-крыніц






