
17 красавіка — асаблівая дата для супрацоўнікаў і ветэранаў органаў і падраздзяленняў МНС Беларусі. У гэты дзень адзначалі сваё прафесійнае свята выратавальнікі СССР, чые рабочыя будні прыйшліся на перыяд станаўлення і развіцця пажарнай службы. Супрацоўнікі МНС Рэспублікі Беларусь шануюць традыцыі і віншуюць у гэты дзень ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.
Мой сённяшні субяседнік, Мікалай Марушка, прысвяціў службе выратавання амаль чвэрць стагоддзя. У Карэліцкі РАНС ён прыйшоў у жніўні 1996 года пасля службы ў арміі. Успамінаючы сёння той час, Мікалай Рыгоравіч кажа, што спачатку было няпроста, але калегі па часці дапамаглі адаптавацца да ўмоў службы выратавальнікам:
— Наш калектыў — гэта сапраўды цікавыя і адказныя людзі. Кожны на сваім месцы і кожны ведае свае абавязкі. Зразумела, што і я імкнуўся не адставаць. Я быў маладым, унутры бурліла энергія, хацелася дапамагаць людзям, увесь час быць у руху. Ні разу не пашкадаваў аб тым, што прыйшоў працаваць у пажарную часць.
Параўноўваючы ўмовы працы, мужчына адзначае, што за 23 года яго службы яны значна змяніліся ў лепшы бок. Ды і сам Мікалай Рыгоравіч заўважыў за сабою, што стаў больш уважліва адносіцца да ўласнай бяспекі і бяспекі сваіх родных.
— Самае складае — бачыць загінулых на пажары, — расказвае мужчына. — Пра гэта цяжка ўспамінаць і цяжка расказваць. Хочацца, каб людзі больш пільна адносіліся да пажарнай бяспекі, прыслухоўваліся да парад выратавальнікаў. Няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё.
Сяргей СТОЛЯР
Фота Кацярыны ЗУЗА






