Таццяна Кулак: «Без музыкі не ўяўляю свайго жыцця»
Таццяну Аляксандраўну Кулак добра ведаюць на Карэліччыне. Педагог па прызванні, яна свае талент і майстэрства аддае навучэнцам — прывівае любоў да музыкі, і яны аддзячваюць спаўна. Іх выступленні немагчыма слухаць без цеплыні і пяшчоты — мелодыі выканаўцаў глыбока западаюць у душу.
Сённяшняя наша гутарка аб любові да музыкі, прафесіі, выхаванцах, перамогах у конкурсах, захапленні і ўсім тым, чым напоўнена яе душа.
— Таццяна Аляксандраўна, якую ролю іграе музыка ў Вашым жыцці? Якое вызначэнне маглі б сёння даць ёй?
— Без музыкі не ўяўляю свайго жыцця. Класіка, інструментальная, вакальная музыка, ва ўсёй яе разнастайнасці жанраў, — гэта незабыўныя пачуцці, эмоцыі, перажыванні, якія часам немагчыма выказаць словамі, яны закранаюць струны нашых душ, робячы нас лепшымі, дабрэйшымі.
— Быць педагогам — адначасова ганарова і адказна. Якімі правіламі кіруецеся ў паўсядзённай працы?
— Павага да вучня як да Асобы, добразычлівыя адносіны. Стараюся зрабіць усё, каб урокі былі і пазнавальнымі, і цікавымі.
— Што, акрамя любові да музыкі, імкнецеся прывіць дзяўчынкам і хлопчыкам?
— Чалавечыя каштоўнасці — у прыярытэце. Людзі, якія займаюцца музыкай, больш тонка ўсё ўспрымаюць і адчуваюць, настроены на добрае, цудоўнае, стваральнае.—
— Неаднойчы даводзілася чуць выступленні і праваслаўнай тэматыкі. Чым кіруецеся, калі рыхтуеце песнапенні?
— Дарэчы, дзякуючы музыцы, адбылося маё ўцаркаўленне. Больш 30 гадоў таму мяне запрасілі ў царкву для кіраўніцтва хорам. Пры падборы песнапенняў кіруюся сваім вопытам, густам, магчымасцямі калектыву.
— Вы яшчэ з’яўляецеся і кіраўніком двух калектываў, якія заваявалі прызнанне ў гледачоў. Чым блізкія Вашаму сэрцу «Віланэла» і «Арыета»?
— Гэта маё любімае стварэнне, з якім звязана 30 гадоў жыцця. Вельмі ўдзячна за сумесную працу Анжэле Анатольеўне Бірыч, якая доўгія гады была канцэртмайстрам двух калектываў, з якой ажыццёўлена вялікая колькасць канцэртаў, конкурсаў, паездак, а таксама абарона званняў: «народны» ў 2000 годзе — «Віланэла» (тады і з’явілася назва) і «ўзорны» ў 2006 годзе — «Арыета».
Дзякую і цяперашняму канцэртмайстру Вользе Аляксандраўне Буцкевіч, з якой працягваем працу, а таксама ўсім удзельнікам, якія спявалі, — усіх памятаю і з цеплынёй ўспамінаю, і тым, хто зараз спяваюць у абодвух калектывах.
— Як часта даводзіцца прымаць удзел у фестывалях і конкурсах? Перамога Вас акрыляе?
— У конкурсах удзельнічаем штогод: і ў вочных, і ў дыстанцыйных. Гэта заўсёды сур’ёзная падрыхтоўка, стымул, неабходнасць трымацца ў тонусе. Перамогі, добрыя вынікі — прыемна, але на лаўрах спачываць не прыходзіцца — пастаянна трэба рухацца далей.
— Праца з’яўляецца асновай асноў. Коратка паведайце пра свой працоўны шлях. Магчыма, у працоўнай кніжцы толькі адзін запіс: Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў?
— 1982 год — першы запіс у працоўнай кніжцы — Карэліцкая музычная школа. Затым, пасля замужжа, шэсць гадоў пражывання на Далёкім Усходзе ў Амурскай вобласці. З 1995 года па сённяшні дзень — дзяржаўная ўстанова адукацыі «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў». Месца, якое мне вельмі дорага, дзе цудоўны творчы калектыў настаўнікаў, цудоўныя вучні, дзе рэалізаваліся мае задумы: ад навучання дзяцей, ігры ў народным аркестры да працы са сваімі калектывамі.
— Карэліччына — цудоўны куточак, тут добра жывецца і працуецца. З кожным годам ён усё больш прыгажэе. Вы моцна любіце родную старонку?
— Я родам з Навагрудка, але Карэлічы, куды я прыехала па размеркаванні пасля Лідскага музычнага вучылішча, сталі роднымі. Я не па чутках ведаю, што такое сум па Радзіме: калі разумееш, што да дома больш 7000 кіламетраў, шэсць гадзін розніцы ў часе, што дамоў зможаш прыляцець толькі праз год. І ў інстытут паступіла менавіта ў Мінск, каб мець магчымасць бываць дома два разы ў год. І цяпер, куды б ні паехала, хочацца дамоў, у родныя Карэлічы.
— У Вас ёсць захапленне, якому прысвячаеце вольны час і якое ўзбагачае душу?
— Маё любімае захапленне — чытанне. Удзячна бацькам: з дзяцінства памятаю часопісы, пачынаючы з «Веселых картинок», «Мурзилки» до «Вокруг света», «Науки и жизни», «Огонька» і іншыя. Пастаянна купляліся кнігі. Бацька вельмі любіў чытаць. Нас, дзяцей, ніхто не прымушаў чытаць, але гэта было нормай жыцця, важны прыклад.
— Кветкі маюць асаблівае значэнне для жанчыны. Як часта Вам іх дораць? Што адчуваеце ў такія моманты?
— Кветкі дораць у асноўным на святы. Прыемна, але, шчыра кажучы, мяне такая ўвага крыху бянтэжыць.
— Вашы пажаданні чытачам раённай газеты «Полымя» з нагоды Дня працы.
— Хачу ўсім пажадаць, каб праца прыносіла задавальненне, і маральнае, і матэрыяльнае. Каб усе былі запатрабаваныя і шануемыя.
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ






