Заўжды цікава гутарыць з людзьмі, якія пражылі доўгае жыццё і могуць падзяліцца незвычайнымі фактамі. Адзін з плюсаў працы ў раёнцы — магчымасць сустрэцца з такімі людзьмі, выслухаць іх, запісаць успаміны. Напярэдадні Дня друку гутарым з дасведчаным чалавекам, былым журналістам “Полымя” Станіславам Лукой.
— У 1969 годзе я працаваў у Гродне на камбінаце будаўнічых матэрыялаў, быў слесарам-наладчыкам аўтаматаў-укладчыкаў сілікатнай цэглы. Цікавая спецыяльнасць і зарплата была годнай. Але калі знаёмыя сказалі, што ў мастоўскай раённай газеце ёсць вакансія — не раздумваючы кінуў камбінат і прыехаў у Масты, — успамінае Станіслаў Антонавіч. — Прыйшоў да рэдактара, пагутарылі, уладкаваўся на працу. Крыху пазней да рэдактара “Зары над Нёманам” прыехаў дырэктар школы, у якой я вучыўся, прывёз нейкі матэрыял і разам з ім стос фотаздымкаў. Рэдактар выклікаў мяне да сябе, паказаў некалькі фота і кажа: “Глядзі, як трэба здымаць у газету”. Аказалася, што гэта мае здымкі. Больш мне ніякіх пытанняў не задавалі, і я адпрацаваў у мастоўскай газеце спачатку фотакорам, потым літаратурным работнікам і загадчыкам аддзела пісьмаў 8 гадоў.
У 1981 годзе Станіслаў Лука прыехаў у Карэлічы. Таварышы па партыйнай школе папрасілі дапамагчы маладому рэдактару Уладзіміру Карпуку.
— Перайшоў, як кажуць, з “Зары” ды ў “Полымя”. Падумаў, паеду на некалькі месяцаў, а застаўся на ўсё жыццё, — кажа з усмешкай Станіслаў Антонавіч.
Цікаўлюся, якім быў рабочы дзень журналіста ў той час. Мой субяседнік, крыху падумаўшы, расказвае, што дзень быў ненарміраваным:
— Калі неабходна было выехаць у пяць раніцы — выязджалі. Патрэбна затрымацца да ночы — заставаліся. Але і людзі гэта цанілі. Бывала, сустракалі мяне героі маіх публікацый, дзякавалі. А гэта добрая адзнака працы журналіста.
Падчас гутаркі са Станіславам Антонавічам узнікла пытанне пра што больш падабалася пісаць.
— Усё залежыць ад настрою, — прызнаецца субяседнік. — Калі тэма “закране” журналіста, тады выходзіць добры матэрыял. Таму я кажу, што журналістыка не прафесія, а прызванне. Вельмі многа даводзілася пісаць пра сельскую гаспадарку. Гэта цяпер у іх добрая тэхніка, а тады — вілы і лапаты. Але пісаць пра гэта заўжды было цікава.
Амаль тут жа Станіслаў Антонавіч дае параду маладым акулам пяра — пісаць праўду і не саромецца задаваць пытанні:
— Чалавек не можа ведаць усяго. Вось, напрыклад, пішу я пра бортнікаў. Гэта значыць, што буду пытацца ў прафесіянала ўсё, да драбніц. Каб самому разумець, пра што пішу, і мяне зразумелі чытачы. Людзі вераць друкаванаму слову, і журналіст павінен данесці гэтае слова.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара






