15 мая ў вёсцы Церавічы Цырынскага сельсавета прайшла кранальная сустрэча прадстаўнікоў мясцовай улады з сям’ёй Чэчата Івана Сцяпанавіча і Тамары Іванаўны, прысвечаная Дню сям’і. Сужэнцы напярэдадні свята адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця.

Дом Чэчатаў можна назваць узорным. Усюды відаць рукі гаспадароў. Куды ж без градак з гароднінай і разнастайнай зелянінай – праца на зямлі тут заўсёды ў пашане.
Усё жыццё Іван Сцяпанавіч адпрацаваў тракматыстам у мясцовай гаспадарцы, Тамара Иванаўна –– бухгалтарам. За высокія паказчыкі ў сельскай гаспадарцы Іван Сцяпанавіч быў узнагароджаны Ордэнам працоўнай славы другой і трэцяй ступені.
Бацькі заўсёды імкнуліся сваім прыкладам паказваць сынам, як трэба любіць зямлю і з якім стараннем вырошчваць і прыбіраць ураджай.
Увесь час пара ішла па жыццёвым шляху рука аб руку, падтрымліваючы і дапамагаючы адзін аднаму. Сямейнае жыццё –– велізарная праца.
- Не бывае так, каб усё ішло выключна гладка, – кажа Тамара Іванаўна, – але ў нас ніколі не было скандалаў і абраз, мы з павагай ставіліся адзін да аднаго нават у самых складаных сітуацыях.
Па словах мужа і жонкі, чым даўжэй жывеш разам, тым мацней трымаешся за сваю другую палавінку, радуешся любым сумесным момантам. Аднак самым галоўным багаццем, якое назапасілі Чэчаты за гады сумеснага жыцця, сталі дзеці і ўнучкі, якія ніколі не забываюць і часта наведваюцца ў госці.
Залатыя юбіляры паставілі свае подпісы ў ганаровай кнізе рэгістрацыі юбіляраў. Людзі, якія пражылі разам паўстагоддзя, змаглі даказаць, што каханне, павага, давер і адданасць адзін аднаму – галоўныя спадарожнікі шчаслівага сямейнага жыцця. Чым больш моцных і шчаслівых сем’яў, тым мацней і наша Радзіма.







