Апошні званок — свята са свят. Да яго нельга прызвычаіцца. Калі нават прыходзіш сюды па прафесійным абавязку — яно кожны раз зачароўвае па-новаму. Адчуваецца штосьці сваё і асаблівае, і хочацца падзяліць радасць з удзельнікамі ўрачыстасці. І проста радавацца добраму дню.
Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы. Гонар перапаўняе за вучняў: яны ўдзельнічалі ў праектах, конкурсах, алімпіядах, мерапрыемствах. На ўрачыстай лінейцы агучваюцца перамогі і ўзнагароды.
Слова прадастаўляецца дырэктару навучальнай установы Вікенцію Арсеньевічу Браніцкаму:
— Паважаныя выпускнікі, вучні, бацькі, педагогі, госці!
Вось яксьці нечакана і прыйшоў час апошняга званка. Ад імя ўсяго педагагічнага калектыву ў гэты важны для ўсіх нас дзень віншую вас з заканчэннем навучальнага года і школы. Жадаю выпускнікам, каб з вамі засталіся самыя светлыя ўспаміны пра школьнае жыццё. Праз усё жыццё пранясіце трэлі школьных званкоў, непаўторнасць першага школьнага ўрока, дух школьнай таварысцкасці, сардэчную падзяку і прызнанне вашым настаўнікам. З гонарам нясіце званне выпускніка сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Няхай веды, атрыманыя ў школе, спатрэбяцца вам у дасягненні пастаўленых мэт. Удачы ўсім прысутным! Няхай лета-2025 ва ўсіх вас пройдзе на «выдатна»!
На ўрачыстасці ўзнагароджаны вучні: Дыпломам 3-й ступені пераможца 16 абласнога конкурсу даследчых работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі «Крыштальная Альфа-2024», секцыя «Гісторыя» Ева Марчук; за дасягнутыя поспехі гэтага ж конкурсу ў секцыі «Грамадазнаўства» Алеся Зайко; Дыпломам 3-й ступені ў рэгіянальным этапе Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці «Прыгажосць Боскага Свету» Дар’я Лейка.
Граматамі за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны адзначаны Уладзіслаў Ульянка, Станіслаў Макарчык, Мацвей Сап’янік, Ева Марчук, Варвара Гавака, Паліна Тананка; за актыўны ўдзел у жыцці ўстановы адукацыі — Мікіта Ложачнік, Ілля Карась, Генадзій Лістук, Цімур Мамедаў, Алеся Шкадава, Лізавета Аляшкевіч, Аляксандра Пякарская, Арцём Янушэўскі, Ярамір Баярэнка, Аляксандра Бусько, Соф’я Кузьміч; за актыўны і рэзультатыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах — Арцём Венсковіч, Астап Бычкоў, Вадзім Шэўка, Аляксей Ерамецька, Есенія Мокат, Максім Чычкан, Ягор Лецка, Аліна Зайко.
На свята завіталі і ганаровыя госці. Першы намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Яўгеній Анатольевіч Бусько сказаў:
— Заканчваецца школьная пара для выпускнікоў 2025 года. За час вучобы кожны з вас зрабіў вялікі шлях, атрымаў новыя веды, памужнеў і выбраў сваю траекторыю жыцця. Побач з вамі заўсёды былі педагогі: яны вучылі і выхоўвалі, падтрымлівалі і натхнялі.
Паважаныя педагогі! У вашых руках — будучае нашай краіны. Гэта высокая місія і вялікая адказнасць. Шчырыя словы прызнання вам за прафесіяналізм, талент, адданасць абранай справе. Дзякуючы вашай працы мы можам ганарыцца поспехамі юных карэліччан, іх творчымі і навуковымі дасягненнямі. Выказваю прызнанне бацькоўскай грамадскасці. Усе гэтыя гады вы дапамагалі дзецям раскрываць сябе, выхоўвалі ў іх любоў да Радзімы, вучылі галоўнаму — адказнасці за свае ўчынкі. Няхай узнагарода за вашы працы акажацца шчодрай.
Дарагія выпускнікі! Перад вамі адкрыты ўсе дарогі, наперадзе новыя дасягненні і цікавы шлях у прафесію. Упэўнены, кожны з вас будзе не толькі добрым спецыялістам, але і адказным грамадзянінам, сапраўдным патрыётам нашай краіны. Жадаю вам паспяховай здачы экзаменаў, рэалізацыі ўсіх пастаўленых мэт!
Дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Карэліцкая дзіцячая музычная школа» Сняжана Юр’еўна Каляда напачатку нагадала аб урачыстай атмасферы ў зале і аб тым, што кожны хацеў бы пабываць сёння у ролі выпускніка. Героям свята яна пажадала, каб дзяўчаты і юнакі выбралі свае дарогі ў жыцці, і заўсёды ішлі да пастаўленай мэты. Выказала спадзяванне, што наперадзе павінны быць яшчэ больш шчаслівымі, а будучыня бязвоблачнай і цудоўнай. Прамоўца не абышла ўвагай і першакласнікаў, якія за год вучобы сталі сапраўднымі вучнямі. Пажадала ім добрага адпачынку на летніх канікулах. «Развівайцеся, тварыце, дабівайцеся вяршынь», — рэзюмавала Сняжана Юр’еўна і ўручыла калектыву сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Падзячнае пісьмо за плённае супрацоўніцтва.
Сёння з дзяцінствам развітваюцца 23 выпускнікі школы. Урачыстыя, таленавітыя, упэўненыя. Пра кожнага вядучыя паведалі асобна, і было відавочна: розныя па характары і памкненнях, яны з упэўненасцю глядзяць у заўтрашні дзень.
Выпускнікоў павіншавалі дзесяцікласнікі і пажадалі смела крочыць наперад, не баяцца перашкод, ператвараць у жыццё мары, імкнуцца да вялікага. А яшчэ: ўдачы, шчасця, натхнення!
Шчырымі былі словы-наказ ад першакласнікаў: простых дарог, поспехаў, перамог на шляху, і каб, падобна зоркам, заўсёды свяціла ўдача.
У моманты ўдач і адкрыццяў, хваляванняў і трывог з выпускнікамі заўсёды была класны кіраўнік Наталля Станіславаўна Кныш. Педагог звярнулася да дзяўчат і юнакоў з пажаданнямі: каб школьныя гады засталіся самымі светлымі, і заклікала захаваць іх у душы. Каб мары ажыццявіліся, і яны пастаянна імкнуліся да лепшага, не баяліся памыляцца і верылі ў сваю перамогу.
Самыя надзейныя сябры і памочнікі для адзінаццацікласнікаў — іх бацькі. Яны аказвалі падтрымку ва ўсіх пачынаннях, разам радаваліся поспехам, дапамагалі пераадольваць цяжкасці. Ад імя бацькоў слова трымаў Дзмітрый Міхайлавіч Манкевіч. Ён выказаў словы шчырай падзякі настаўнікам і ўсім, хто мае дачыненне да справы выхавання падрастаючага пакалення. Усім пажадаў моцнага здароўя і мірнага неба, педагогам — цярпення і мужнасці, бацькам — любові, дастатку, узаемаемаразумення ў сем’ях, выпускнікам — добрага шляху ў вялікае жыццё.
Зачараваў і цудоўны танец бацькоў: яго трэба было бачыць! Ёсць спадзяванне, што гэты незвычайны падарунак надоўга застанецца ў памяці дзяўчат і юнакоў.
Выпускнікі выказвалі словы ўдзячнасці настаўнікам за веды і цярпенне, бацькам — за любоў і падтрымку, сябрам пажадалі, каб імі засталіся на доўгія гады.
Надыходзіць адзін з урачыстых момантаў: дзяўчаты і юнакі кружацца ў вальсе. Сапраўды: школьны вальс — што можа быць прыгажэй?
Права даць апошні званок прадастаўляецца першакласніцы Вользе Зінчанка і адзінаццацікласніку Герману Пятрасіку.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ






