24 мая ў школах раёна прагучаў апошні званок для вучняў 11 і 9 класаў. Члены райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый наведалі ўстановы адукацыі, каб павіншаваць педагогаў, вучняў і бацькоў з завяршэннем навучальнага года.
Па-асабліваму ўпрыгожана сустракала віноўнікаў урачыстасці і гасцей мерапрыемства актавая зала сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай. Правесці выпускнікоў у новае дарослае жыццё прыйшлі ганаровыя госці: намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, дырэктар Мірскага філіяла ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод” Сяргей Тур.
Урачыстую лінейку адкрылі ўнясеннем знамённай групай установы Дзяржаўнага сцяга і выкананнем гімна Рэспублікі Беларусь.
Са святам апошняга школьнага званка, падзеі важнай у жыцці кожнага маладога чалавека і краіны ў цэлым, рабят і калег павіншавала дырэктар школы Таццяна Шаплыка. Яна шчыра пажадала выпускнікам поспеху і рэалізацыі задуманых планаў, працягваць удасканальваць свае веды ў іншых навучальных установах, знайсці свой правільны шлях у самастойным жыцці, дзе няма верных памочнікаў, якімі на працягу адзінаццаці гадоў з’яўляліся настаўнікі школы.
Без пажаданняў гасцей не бывае добрай дарогі.
Па традыцыі да навучэнцаў звярнуўся Яўген Чычкан. У сваёй памове ён адзначыў, што апошні званок – гэта заўсёды вельмі знакавая падзея. Гэта новы крок у дарослае жыццё. Наша дзяржава робіць усё для таго, каб усе жылі пад мірным небам, ні ў чым не мелі патрэбы, атрымлівалі адукацыю, станавіліся людзьмі, выбіраючы сабе прафесію. Ён пажадаў выпускнікам знайсці менавіта сваё, сапраўднае месца ў жыцці, і быць годнымі грамадзянамі нашай рэспублікі, памятаць, што іх заўсёды чакаюць на роднай зямлі.
Яўген Мікалаевіч ўручыў установе сертыфікат на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы..
-Няхай Год добраўпарадкавання стане годам новых здзяйсненняў, годам натхнення і стварэння, годам, калі кожны з нас адчуе сябе часткай вялікага і цудоўнага цэлага – Беларусі, – голасна прагучала са сцэны з вуснаў вядучых.
Ва ўстанове адукацыі ёсць добрая традыцыя. Выпускнікі, пакідаючы школу, на добрую памяць пра сябе садзяць кусты руж. Ёсць павер’е: калі саджаючы куст ружы загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца! У Год добраўпарадкавання гэтая традыцыя стала асабліва актуальнай. Высаджаныя выпускнікамі кусты руж зробяць школьны двор яшчэ прыгажэй.
Выступленні выпускнікоў, хвалюючыя словы настаўнікаў і бацькоў, традыцыйны развітальны школьны вальс, апошні званок і слёзы на вачах – усё гэта кранала да глыбіні душы.
А наперадзе ў выпускнікоў – выпрабаванні на веды. Дык няхай поспех ім спадарожнічае заўсёды і ва ўсім!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






