Атрымаць граматную кансультацыю і пазнаёміцца са зменамі заканадаўства змаглі прадстаўнікі бізнесу Карэліччыны падчас сустрэчы з удзельнікамі абласнога выязнога мерапрыемства “Адкрытая прыёмная для бізнесу”.
Як правіла, мерапрыемства такога фармату шчыльна ўвайшлі ў практыку работы ўпраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама. Больш за дзясятак спецыялістаў абласных і раённых службаў і ведамстваў сабраліся на адной пляцоўцы ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры. Прадстаўнікі мясцовага бізнесу атрымалі кампетэнтныя адказы на хвалюючыя пытанні ад кваліфікаваных спецыялістаў.
– Калі мы ў выніку такога фармату працы дапаможам хоць бы аднаму чалавеку ў вырашэнні яго праблемы, то лічым мерапрыемства паспяховым. Гэта значыць, ён будзе працаваць граматна і прафесійна. Вядома, што заканадаўства не стаіць на месцы. Таму лагічна, што ў людзей, занятых у сферы бізнесу, могуць узнікаць пытанні, – адзначаюць ініцыятары мерапрыемства.
У ходзе работы адкрытай прыёмнай мясцовыя прадстаўнікі дзяржаўнага і прыватнага бізнесу найбольш актыўна звярталіся па кансультацыю да абласных спецыялістаў сферы гандлю, цікавіліся падатковым і зямельным заканадаўствам, санітарна-эпідэміялагічнымі нормамі, пытаннямі арэнды і іншыя.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара























