Яны могуць не ўсё, але могуць многае: забяспечваць неабходнымі прадуктамі, прывозячы іх нават у аддаленую вёску, накарміць смачным абедам ва ўтульным кафэ, прыняць розныя віды другаснай сыравіны, заплаціўшы за гэта наяўнымі. Шмат у чым дзякуючы ім мы можам купіць у магазіне свежую гародніну і іншыя спажывецкія тавары. Усё гэта ўваходзіць у кола абавязкаў людзей, якія 5 ліпеня адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень кааперацыі.
Напярэдадні прафесійнага свята пагутарылі з дырэктарам Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Сяргеем Саўко, які расказаў пра работу арганізацыі.
— Уся работа скіравана на паляпшэнне абслугоўвання насельніцтва і ажыццяўленне эфектыўнай дзейнасці. Наш філіял забяспечвае занятасць, стабільны даход і сацыяльныя гарантыі для 158 работнікаў, абслугоўвае 17,6 тысяч насельніцтва. 62% якога – жыхары сельскай мясцовасці.
Вядучай у сістэме спажывецкай кааперацыі з’яўляецца гандлёвая галіна, прыярытэтная задача якой – забяспечыць якаснае абслугоўванне, у першую чаргу сельскага насельніцтва. На сёння наш філіял з’яўляецца асноўным аператарам па гандлёвым абслугоўванні гэтай катэгорыі.
У сельскай мясцовасці размешчаны 30, або 81% магазінаў філіяла. На адным узроўні са стацыянарнымі аб’ектамі гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў ажыццяўляюць сем аўталавак. За апошнія гады праведзена маштабная работа па ўкараненні сучасных падыходаў да арганізацыі гандлёвых працэсаў, як следства – якасць сэрвісу, цэны на тавары, іх асартымент у сельскай мясцовасці не горшыя, чым у горадзе. Сёлета працягнута аўтаматызацыя гандлёвай сеткі і аўтамагазінаў, яе адметнасць у тым, што пакупнікі пры аплаце атрымліваюць змястоўны квіток, дзе падрабязна пазначаны найменні, вага і кошт набытага тавару.
Карэліцкі філіял з’яўляецца ўдзельнікам сацыяльнай праграмы, якая ажыццяўляецца ў нашай краіне, па прадастаўленні скідак на тавары першай неабходнасці неабароненым катэгорыям грамадзян. За мінулы год у гандлёвай сетцы філіяла прадастаўлена сацыяльных скідак на 108 тысяч рублёў. За пяць месяцаў гэтага года – на 39 тысяч рублёў. З выгадай да 10% можна набыць 29 груп тавараў першай неабходнасці. Пералік такіх тавараў ёсць у кожнай гандлёвай кропцы.
— За апошнія гады абнавіўся, стаў прывабней знешні выгляд і інтэр’ер аб’ектаў філіяла. Праца ў гэтым кірунку працягнецца?
— На мадэрнізацыю і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства летась было накіравана больш 518 тысяч рублёў, па выніках пяці месяцаў гэтага года – больш за 262 тысячы рублёў. На дасягнутым не будзем спыняцца. Гэта ж не толькі афарбоўка фасадаў і новы дызайн залаў. Вядзем мадэрнізацыю і па халадзільным абсталяванні, і па асвятленні — яно стала больш энергазберагальным. Акрамя таго, набылі два новыя аўтамагазіны, і адзін для падвозу тавараў у магазіны сельскай мясцовасці.
Напрыканцы размовы Сяргей Саўко выказаў словы віншавання з нагоды прафесійнага свята калегам, пажадаў ім моцнага здароўя, далейшых поспехаў.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






