Аляксандра ПАНАСЕНКА, ветэран працы, член літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя», жыхарка вёскі Баранавічы Малюшыцкага сельсавета:
— Для мяне такім сімвалам з’яўляецца герб Рэспублікі Беларусь, які ўмясціў у сабе ўсё самае значнае. Герб як заклік да міру ва ўсім свеце. Каб сонца свяціла, каб людзі жылі шчасліва, каб збажына спела на палях. Для мяне прырода Беларусі — гэта вялікая любоў. І буслы, якія аблюбавалі слупы на нашай вуліцы. Люблю беларусаў, якія вызначаюцца дабрынёй, чуласцю, спагадай і вялікім жаданнем працаваць на роднай зямлі. Гэта мая Беларусь.

Вераніка МАНЫЛА і Таццяна ДЗЬЯКАВА, майстры народных мастацкіх рамёстваў, маладыя спецыялісты аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці»:
— Бусел — адзін з прыродных сімвалаў Беларусі. Яго значэнне асабліва важна для нас, як маладых спецыялістаў у галіне культуры. Ён уяўляе сабой мір, дабро і сямейны дабрабыт — тыя блізкія кожнаму беларусу каштоўнасці. У народных павер’ях бусел прыносіць шчасце і ахоўвае дом, а яго гняздо на даху лічыцца добрым знакам. Яго выява часта выкарыстоўваецца ў мастацтве, народных промыслах і сучаснай візуальнай культуры. Захоўваючы сімволіку бусла, мы не толькі ўшаноўваем традыцыі, але і ўмацоўваем культурную самабытнасць Беларусі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва герояў публікацыі






