На календары — жнівень. Час, калі трэба думаць, як сабраць дзяцей у школу. Са шматдзетнай сям’ёй Капціловіч з райцэнтра журналіст рэдакцыі газеты «Полымя» накіравалася ў магазін «Прамтавары» Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
Візітная картка
Сям’я Капціловіч — шматдзетная. У ёй растуць 15-гадовая Паліна, 10-гадовы Ілля і 6-гадовая Алена. Сёлета яны пойдуць адпаведна ў дзясяты, шосты, першы класы сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Розныя па ўзросце і характары, яны любімыя ў сям’і. Паліна вучыцца на «выдатна» і любіць усё новае. Па характары ўпартая: ставіць мэты і дасягае іх. Цікавіцца англійскай мовай і любіць спорт. Ілля вельмі рухомы: не можа сядзець на месцы. Стараецца вучыцца добра, любіць мастацкую літаратуру. Даспадобы і камп’ютарныя гульні. Наведвае спартыўную секцыю па гандболе. Алена — лагодная і цікаўная, цягнецца да кніжак і мультфільмаў. Вельмі рухомая.
— Падрыхтоўка да школы — свайго роду квэст, — прадаўжае маці Кацярына Мар’янаўна. — У адным магазіне не атрымліваецца адразу ўсё купіць. Спачатку набываем для дзяцей адзенне і абутак, затым — канцылярскія прылады. У гэтай справе не бываем адны: дзяржава выдаткоўвае матэрыяльную дапамогу, прафкам па асноўным месцы працы — для першакласнікаў. Да 1 верасня бабулі і дзядулі купляюць падарункі. Гэты хвалюючы момант перажываем кожны год, і нашы пачуцці не змяніліся. З часам яшчэ больш разумееш: школа — важны этап у жыцці, і веды за плячамі не насіць.
Што і колькі каштуе
Загадчык магазіна «Прамтавары» Марына Падліпская і прадавец Валянціна Баўдзей расказваюць пра асартымент і кошт тавараў для вучняў. Для хлопчыкаў піджак (127-137 рублёў), штаны (69-74), камізэлька (28-73), джэмпер (28-43), спартыўныя штаны (23-45), спартыўны касцюм (69-80).
Дзяўчынкі могуць выбраць спартыўны касцюм (40-58 рублёў), джэмперы і блузкі (24-43), школьныя штаны (30-45), спадніца (20-27), сукенкі (28-40), калготкі (6-7).
З канцылярскіх тавараў можна набыць школьныя сшыткі (0,07-0,25 кап.), вокладкі для дзённіка (0,53) і сшыткаў за 10 штук (2,77), набор каляровых алоўкаў (2,54-4,33), набор ручак (1,87-5,01), сшыткі для малявання, альбомы (1,22-5,04), пластылін (2,69-4,46), фарбы (5,57-6,40), фламастары (2,12-7,87), клей (0,78-1,62), дзённік (59 капеек).
Рады пакупнікам
Гандлёвыя работнікі ў магазіне ўвішна падбіраюць адзенне для вучняў. Хвіліна-другая — і школьнікі ўжо стаяць у абноўках. Найбольш іх аказалася ў Іллі: штаны за 72 рублі, камізэлька — 74 рублі; сарочка — 29 рублёў і заплечнік за 58 рублёў. Алёне выбралі сукенку за 44 рублі і заплечнік за 19 рублёў. Паліне падышлі штаны за 39 рублёў і джэмпер за 54 рублі.
— Мы рады пакупнікам, — гаворыць загадчык магазіна Марына Падліпская. — Для хлопчыкаў добра купляюць школьную форму заяўленага сіняга колеру, для дзяўчынак — блузкі, джэмперы, спадніцы. Спадзяюся, што ў хуткім часе актыўна стануць набываць і канцылярскія прылады. Падрыхтоўка да новага навучальнага года выклікае шмат клопатаў, але яны вельмі прыемныя.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ






