На полі імя Яна Янавіча Фогеля ў Малюшычах прайшоў мітынг “Памяць не пакіне нашы сэрцы”
7 ліпеня на полі імя Яна Янавіча Фогеля ў Малюшычах прайшоў мітынг “Памяць не пакіне нашы сэрцы”.
79 гадоў таму адгучалі апошнія стрэлы трагічнай і незабыўнай Вялікай Айчыннай вайны, але не гояцца раны ў сэрцах чалавечых. Мы зноў і зноў вяртаемся думкамі ў тыя суровыя гады, да тых гераічных дзён.
На Карэліччыне ўжо стала добрай традыцыяй праводзіць штогод з нагоды з дня вызвалення Карэліцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мітынг на полі імя Яна Янавіча Фогеля ў Малюшычах. Менавіта тут, на малюшыцкай зямлі, 8 ліпеня 1944 года ў баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі за вызваленне Карэліцкага раёна быў смяротна паранены Герой Савецкага Саюза камандзір 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі генерал-маёр Я. Я. Фогель. Ушанаваць памяць аб ім сабраліся прадстаўнікі выканаўчай улады раёна, ідэолагі, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і моладзь.
Да прысутных звярнуўся старшыня Малюшыцкага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Дзірвук:
— Сімвалічна, што мітынг праходзіць у такім знакавым месцы, дзе праводзіліся баі. Вельмі важна памятаць і захаваць памяць пра людзей, якія аддалі свае жыцці, праявілі гераізм, вызваляючы Радзіму ад нямецка-фашыскіх захопнікаў. Наш абавязак перад пакаленнем пераможцаў — захаваць гістарычную памяць аб тых далёкіх трагічных падзеях, аддаць даніну падзякі за гераічны подзвіг у Вялікай Айчыннай вайне.
Без мінулага няма будучыні, важна памятаць пра гэта. Не нам, нашчадкам Перамогі, а бацькам і дзядам нашым, пакаленню пераможцаў, выпаў суровы салдацкі лёс. Не мы, а яны ішлі доўгія дні, тыдні, месяцы, гады побач са смерцю і падалі, падкошаныя бязлітасным свінцом.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх, хто не вярнуўся з палёў бітвы, хто не дажыў да светлага дня Перамогі.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка героя.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара