На Карэліччыне прайшоў адборачны этап рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2024”
Удзел у ім прынялі чатыры сем’і. Усе яны — прыклад для пераймання і гонар раёна. Гэта актыўныя, мэтанакіраваныя людзі, якія не толькі захоўваюць вернасць сямейным традыцыям, але і з’яўляюцца выдатнымі спецыялістамі ў сваёй сферы дзейнасці, сябруюць са спортам, займаюцца рамяством і ў кожнай сям’і ёсць агульнае хобі.
Сёлета за званне лепшых змагаліся сем’і: Коцік з в. Баранавічы, Шнырко з г.п. Мір, Печанко з г.п. Мір, Шэўчык з г.п.Карэлічы.
— У зале мы бачым выдатныя і таленавітыя ва ўсім сем’і. Бацькі — паспяховыя ў выхаванні дзяцей, творчых і спартыўных дасягненнях, але галоўнае – яны прыклад сапраўднай згуртаванасці і адзінства, – адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Іна Аляксандраўна Богуш. – Праводзячы такія конкурсы, мы дэманструем важнасць захавання міру, дабра і традыцыйных каштоўнасцяў, бо гэта тое, за што мы любім нашу краіну. І сем’і, якія сёння прымаюць удзел у мерапрыемстве, кожным сваім крокам паказваюць сваю любоў да краіны, адказнасць за захаванне сямейных каштоўнасцяў.
Пры ацэньванні канкурсантаў журы звяртала ўвагу на крэатыўнасць падачы нумароў, артыстычнасць выканання і ўнікальнасць кожнага члена сям’і па чатырох намінацыях: “Мая сям’я – мая краіна”, “Радавод” і “Нашы захапленні”.
Конкурс стаў традыцыйным і ўдзельнічаюць у ім шматдзетныя сем’і. І чым большая сям’я, тым шырэй іх інтарэсы і больш галінастае сямейнае дрэва.
Абсалютнымі пераможцамі конкурсу сёлета стала сям’я Шнырко з г.п. Мір.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара