У Карэліцкім раёне жніво стартавала з «Зажынак» (фота+відэа)

Адценне слоў — не глупства,

Ты ім не пагарджай.

Скарынка. Скіба. Луста.

Акраец. Каравай.

Пімен ПАНЧАНКА.

ХЛЕБНЫЯ СЛОВЫ

Гэтыя словы беларускага паэта ў чарговы раз успомніліся, калі накіроўвалася на свята «Зажынкі» ў КСУП «Лукі-Агра» і СВК «Свіцязянка-2003». Аб Яго Вялікасці Хлебе можна гаварыць шмат і бясконца — заслугоўвае самых паважлівых і беражлівых адносін. Нездарма заўважана ў народзе: хлеб на стале — шчасце ў хаце. Без яго мы не ўяўляем нашага жыцця, і так было і будзе заўсёды.

Нашы продкі з павагай адносіліся да Хлеба. Яны ўмелі яго вырошчвааць і шанаваць. А колькі народных прымавак склалі! Нагадаю некаторыя з іх: «Хлеб над усім пануе», «Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы», «Хлеб — усяму галава», «Калі ёсць хлеб і вада, то не бяда», «Будзе хлеб — будзе і песня», «Хлеб у доме гаспадар» і іншыя.

Кожны дзень, адразаючы лусту свежага духмянага хлеба, у думках дзякуем працаўнікам сельскай гаспадаркі. Хлебаробы на палетках вырошчваюць збажыну і збіраюць зярняткі ў засекі. Ад світанняў да змярканняў шчыруюць, за гэта ім — нашы павага і пашана.

«ВАЖКАГА КОЛАСУ!»

А якое свята без гасцей, якія раздзяляюць радасць з нагоды падзеі? Да лукскіх і свіцязянскіх хлебаробаў завітаў старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў. Ганаровы госць выказаў найлепшыя словы ў іх адрас з нагоды правядзення «Зажынак» у гаспадарках. Як адзначыў кіраўнік раёна, была зроблена вялікая работа, каб выйсці на збор ураджаю. Вельмі высокая цана і хлебу на сучасным этапе, таму збожжа трэба ўбраць без страт, высушыць, захаваць. Выказаў упэўненасць, што сёлетняя ўборка збожжавых пройдзе на высокім узроўні. Умовы надвор’я дазволілі развівацца многім культурам, стаіць добры зерневы клін. Зараз шмат залежыць ад адказнасці хлебаробаў, ад іх працавітасці, да зярнятка трэба сабраць з палёў.

Генадзій Мікалаевіч пажадаў удзельнікам жніва моцнага здароўя, заклікаў іх захоўваць тэхніку бяспекі на жніве, не быць паспешнымі, усё рабіць з пачуццём адказнасці. «Добрага важкага коласу! Поспехаў у хлебаробскай справе!»— сказаў прамоўца.

НАКАЗЫ НА ДАРОГУ

Жніво — адказны час для сельскіх працаўнікоў, яго называюць і бітвай за ўраджай. Важна добра падрыхтавацца, правесці ў вызначаныя тэрміны, з усёй адказнасцю. Менавіта таму кожны з прамоўцаў на «Зажынках» у КСУП «Лукі-Агра» імкнуўся выказаць шчырыя пажаданні ўдзельнікам жніва, а слова, як вядома, мае вялікую сілу.

Дырэктар Мікалай Гавіна адзначыў, што сёлета падчас правядзення ўборачнай кампаніі  расцэнкі аплаты працы членаў збожжаўборачных экіпажаў будуць павялічаны на 15 працэнтаў. Многае залежыць ад іх руплівасці і згуртаванасці, дысцыплінаванасці і арганізаванасці на рабочых месцах. Спецыялістам пажадаў узаемаразумення. Нагадаў аб тым, што правядзенне ўборачнай кампаніі будзе кантралявацца многімі службамі, і жніво павінна прайсці на высокім узроўні.

Намеснік дырэктара Анатолій Анікій пажадаў удзельнікам жніва здароўя і заставацца памяркоўнымі, а галоўны аграном Павел Тананка выказаў спадзяванне на тое, што ўборачная кампанія пройдзе на добрым узроўні, калі камбайнеры прыкладуць старанні. «Спешка ў справе да поспеху не прыводзіць, і калі спатрэбіцца, рамонтныя работы трэба праводзіць спакойна», — лічыць галоўны інжынер Генадзій Жыгала. Па меркаванні вядучага інжынера па ахове працы і тэхніцы бяспекі Леаніда Стульскага, трэба строга выконваць правілы правілы тэхнікі бяспекі і захоўваць працоўную дысцыпліну.

“Зажынкі” — народнае свята, і сёння беларусы імкнуцца захоўваць яго традыцыі. Экіпажам і вадзіцелям уручаюцца каласкі, каб яны прыносілі поспех у працы, абаранялі ад дрэннага надвор’я і нечаканых паломак тэхнікі, узнімалі настрой.

Свае наказы на вялікую дарогу выказваюць святары Алег Сушко і Анатолій Шэлест. Яны  жадаюць правесці жніво з Боскай дапамогай, а яго ўдзельнікам зычаць намаганняў і цярпення ў гэтай важнай справе, і раяць усё рабіць з вялікай адказнасцю.


Як не раз адзначалася, праца і песня разам ідуць. Добрыя мелодыі падарылі хлебаробам «Цырынскія музыкі», пранікнённыя словыя — лукскія культработнікі. Атрымалася добрае свята, якое ўзняло настрой перад пачаткам жніва.


… Удзельнікі лукскіх «Зажынак» накіроўваюцца на збожжавае поле каля вёскі Унехава. І вось першыя зярняткі вялікага ўраджаю! «Няхай на ўсё хопіць сілы ў хлебаробаў, і ім спрыяе  поспех!» — хочацца сказаць тым, хто зараз шчыруе на збожжавых палетках.


МУЗЫКА ЖНІВА

На мехмайстэрнях СВК «Свіцязянка-2003» ладзіцца свята «Зажынак», і здаецца, тут гучыць асаблівая музыка — музыка жніва. Усё ўрачыста і па-хлебаробску, з душой падыйшлі  яго арганізатары. На лінейцы гатоўнасці стаяць камбайны-волаты, і калі іх — гаспадары. Работнікі культуры хвалююцца: ад іх слоў і песень залежыць настрой хлебаробаў.





0Зажынкі заўсёды былі ўсведамленнем таго, каб глыбей зразумець, як здабываецца хлеб, каравай жа — аснова жыцця і дабрабыту. Чалавек, зямля, праца непарыўна звязаны паміж сабою. Старшыні гаспадаркі Аляксандру Мяцеліцы перадаецца першы сноп з прапановай падкінуць так высока, каб усе разам паспелі загадаць жаданні: каб жніво прайшло без страт, тэхніка не псавалася, Бог даў здароўе ўсім удзельнікам жніва. Для Аляксандра Аляксандравіча гэтае жніво ў ролі кіраўніка першае, і ён марыць, каб сабралі ўвесь вырашчаны ўраджай, спадзяецца на ўзаемапаразуменне і падтрымку калектыву сельгаскааператыва. Хлебаробам пажадаў моцнага здароўя, захоўваць тэхніку бяспекі, каб яно прайшло на высокім узроўні.


Галоўныя героі на свяце — удзельнікі жніва. Іх пачаставалі і булачкамі. Хлеб — аснова асноў жыцця, гэта ім з дня ў дзень убіраць вырашчаны ўраджай — адказная місія!

«На ваш лёс выпала адказнасць — убіраць зерне. Продкі звярталіся да Бога, каб благаславіў на добрую справу, і дзякавалі за ўсе даброты. Сёння мы кажам: «Дзякуй Богу за ўраджай!» Звернемся да Яго, каб даў добрае надвор’е і дапамог сабраць вырашчаны ўраджай. Мы павінны быць як зярняткі на адным коласе, бо робім адну справу», — сказаў святар Аляксей Шышкір і прачытаў малітву перад пачаткам добрай справы, асвяціў камбайнераў і тэхніку.


Цудоўныя мелодыі ўдзельнікам жніва падарылі Антаніна Скіпар, Таццяна Шышкір, Анастасія Машэй, Надзея Хілевіч. Выканаўцы песень прызнаваліся роднаму краю ў любові цудоўнымі радкамі: «Беларусь мая сінявокая, Беларусь мая — крыніца міру і дабра…»

Свята «Зажынак» заканчваецца, і свіцязянскія хлебаробы едуць на збожжавыя палеткі каля вёскі Мінакі. Жніво пачынаецца, і няхай прынясе высокія намалоты ў агульную скарбонку нашай краіны. Моцнага здароўя і добрага надвор’я вам, хлебаробы!


Галіна СМАЛЯНКА

Фота і відэа Ларысы ШУГЛІ