Корреспондент «Полымя» побывал в семье Подсеваловых из райцентра и узнал потомственный рецепт вкуснейшего пасхального кулича

 

Набліжэнне светлага свята Уваскрэсення Хрыстова заўсёды напаўняе сэрца асаблівай радасцю і цеплынёй. Ужо 16 красавіка  праваслаўныя хрысціяне адзначаць самае галоўнае свята ў царкоўным календары –  Вялікдзень. У кожнай сям’і ў гэты дзень ёсць свае традыцыі і звычаі. Яны аб’ядноўваюць, прыносяць радасць і дарослым, і дзецям. Ні адзін велікодны стол не абыходзіцца без кулічоў і пісанак.

У сучасным свеце, дзе ўсё імчыцца з неймавернай хуткасцю, многія не марнуюць час на гатаванне. А навошта? Цяпер усё можна купіць у магазіне. Так і з кулічамі. Выбар разнастайны. Цэны – на любы кашалёк. Але застаюцца тыя, хто пячэ іх сам, перадаючы рэцэпты па спадчыне.

Напярэдадні светлага свята сустрэлася з дружнай сям’ёй  Падсявалавых з райцэнтра і даведалася, як яны рыхтуюцца да Уваскрэсення Хрыстовага.

Наталля  і Руслан Падсявалавы шчасліва жывуць у шлюбе ўжо сямнаццаць гадоў, выхоўваюць  трох  выдатных дачок і працягваюць лепшыя духоўныя традыцыі сваіх бацькоў. Усе пакаленні ў вялікай і  дружнай сям’і выхоўваліся ў веры, згодна з хрысціянскімі праваслаўнымі  традыцыямі. Вялікдзень святкуюць з размахам, але не з пункту гледжання матэрыяльнай раскошы, а ў плане духоўнасці.

– Усведамленне важнасці і значнасці многіх рэчаў да нас прыходзіць  з узростам, па меры набыцця вопыту і жыццёвай мудрасці. І сёння мы вельмі ўдзячныя нашым бацькам, бабулям і дзядулям за тое, што яны выхоўвалі нас у веры, – дзеліцца Наталля.

Мая суразмоўца расказала, што са сваім мужам яна пазнаёмілася,  адпачываючы ў адной кампаніі. Паміж маладымі людзьмі адразу прамільгнула іскра ўзаемнай сімпатыі,   а праз некаторы час яны вырашылі ажаніцца. Зараз шчаслівыя сужэнцы жывуць у Карэлічах. Наталля  Алегаўна працуе  эканамістам у Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы,  Руслан Святаслававіч – супрацоўнік Беларусбанка. Сапраўдны гонар і аддушына –  іх дочкі. Шаснаццацігадовая Анастасія вучыцца ў Мінскім аграрна-тэхналагічным каледжы, а меншыя – Ксенія і Ганна – яшчэ школьніцы.

– Нашы дочкі вельмі добрыя і разумныя. Яны  святло і радасць нашага жыцця,  – гаворыць Руслан Святаслававіч. – У  доме  заўсёды пануюць любоў і разуменне. Усіх членаў сям’і аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы, што дазваляе нам быць згуртаванымі і неразлучнымі.  Сваім асабістым прыкладам любові адзін да аднаго мы   выхоўваем у дзяўчат самыя важныя якасці: дабрыню, спагаду,  міласэрнасць, вучым быць заўсёды памяркоўнымі і тактоўнымі ў адносінах адзін да аднаго і да тых, з кім даводзіцца  кантактаваць.

– Вялікдзень –  любімае сямейнае свята.  Заўсёды чакаем гэты дзень з нецярпеннем. У падрыхтоўцы да свята ўдзельнічае ўся сям’я. Мы прыводзім у парадак сваё жыллё, фарбуем яйкі і самі пячом велікодныя кулічы. Кухня ператвараецца ў творчую майстэрню, дзе фантазіі няма мяжы. У доме пануе атмасфера цяпла і спакою, духоўнага адзінства, – працягвае Наталля Алегаўна. – Не меншае значэнне ў падрыхтоўцы да свята займае духоўная падрыхтоўка. Мы  прытрымліваемся посту. У суботні дзень абавязкова асвячаем велікодную ежу.  Святочная раніца пачынаецца з наведвання службы, затым сям’я збіраецца за святочным сталом. Родныя частуюць адзін аднаго фарбаванымі яйкамі і кулічамі, гуляюць у біткі  і  весела бавяць час.

Гаспадыня з задавальненнем падзялілася  рэцэптам велікоднага куліча і дадала, што дастаўся ён ад маці.

На прыгатаванне спатрэбіцца: малако – 1 л, яйкі –  4 шт., дрожджы – 50 г, цукар – 1 кг, маргарын – 200 г, мука – 2 кг, соль, ванілін, разынкі, алей.

Спачатку раблю апару. Для гэтага ў цёплым малацэ  разводжу дрожджы, дадаю лыжку цукру. Пакуль падыходзіць апара, узбіваю яйкі, дабаўляю крыху солі, цукар, ванілін, усё добра перамешваю, а калі апара ўспеніцца, злучаю ўсё разам.

Адзін з самых галоўных сакрэтаў пышнага цеста для кулічоў – гэта правільнае вымешванне дражджавога цеста. Тут ёсць шмат тонкасцяў, каб кулічы атрымаліся, сапраўды, пышнымі, а не  забітымі мукой. У працэсе вымешвання  неабходна дабаўляць  маргарын альбо сметанковае масла і прыкладна 80 мл алею. Паступова, часткамі, прасейваю ў цеста муку. А таксама па чарзе дадаю патрохі масла і алею.

Парада

Не ўсе пра гэта ведаюць, але падзялюся сакрэтам: сметанковае масла робіць цеста для кулічоў здобным і духмяным, а  алей палягчае працэс вымешвання і, дзякуючы яму, кулічы доўга застаюцца мяккімі і не чарсцвеюць.

Цеста спачатку будзе ліпкім, хай вас гэта не палохае. Тым больш здобнае цеста больш цяжкае, чым цеста без яек і з невялікай колькасцю алею. Але менавіта са здобнага цеста атрымліваюцца самыя смачныя кулічы. Спачатку вымешваю цеста ў місцы, а затым дамешваю на стале. На ўвесь замес у мяне ідзе прыкладна 15 хвілін.

Збіраю цеста ў шар, кладу ў вялікую міску і стаўлю ў цёплае месца прыкладна на 2-2,5 гадзіны, для падыходу.  Калі цеста падыдзе, дабаўляю ў яго разынкі і раскладаю  па формах, даю зноў яму падысці. Перад тым, як ставіць кулічы ў духоўку, верх змазваю жаўтком. Выпякаюцца мае булкі  ў разагрэтай да 170-1800C духоўцы на працягу 25-30 хвілін. А ўвогуле, час выпякання залежыць ад памера  куліча.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

1