Эльвіра Сарока: “Наша задача — захаваць мір”

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока сустрэлася з калектывам Карэліцкага сырцэха “Навагрудскія Дары” філіяла ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” і падзялілася сваімі ўражаннямі ад сёлетняга Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

— Сёлета Аляксандр Лукашэнка назваў шэсць умоў захавання беларусамі суверэнітэту, — нагадала Эльвіра Аляксееўна. — Я лічу, што галоўнае, што мы павінны былі вынесці з Паслання, — кожны павінен шчыра працаваць на сваім рабочым месцы, сумленна выконваць свае абавязкі. Толькі тады наша краіна будзе развівацца.

Таксама парламентарый падрабязна спынілася на думцы Прэзідэнта аб захаванні і памнажэнні нацыянальнай культуры і гісторыі, культурным імпартазамяшчэнні:

— Мы павінны захаваць гісторыю і гістарычную памяць для дзяцей, — адзначыла Эльвіра Сарока. — Таму расказвайце сваім дзецям гісторыю, прывучайце іх да нашых традыцый. Пара адмаўляцца ад культурных павеваў, якія супярэчаць нашай маралі. Навошта нам чужыя святы, калі ёсць свае?

Эльвіра Аляксееўна адзначыла, што Беларусь — мірная дзяржава, якая спрабуе вырашаць праблемы мірным шляхам і заклікае да гэтага астатніх:

— Наша задача — захаваць мір. Але мы павінны быць гатовымі абараніць сям’ю і родных.





Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара