У Красненскім сельвыканкаме адбылося пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку

Сямейныя скандалісты, дармаеды, грамадзяне, схільныя да ўжывання спіртных напояў, асацыяльных паводзін, асобы, якія не працуюць, – цэлая галерэя вобразаў паўстала перад членамі пазачарговага пасяджэння Савета грамадскага пункта аховы правапарадку, якое адбылося 30 сакавіка  ў Красненскім сельвыканкаме.

Асноўная задача, якую праследуюць зацікаўленыя  службы і органы мясцовай улады, –  зрабіць так, каб у сем’ях жыхароў сельсавета, на вуліцах яго населеных пунктаў панавалі мір і згода. А там, дзе ёсць праблема, не адвярнуцца, а працягнуць руку дапамогі, своечасова папярэдзяць аб небяспечных наступствах асацыяльных паводзін. На  пасяджэнне савета ГПАП былі запрошаны 13 чалавек: асобы, якія стаяць на прафілактычным уліку ў Карэліцкім РАУС, злоўжываючыя спіртнымі напоямі, непрацуючыя і іншыя асобы, якія маюць схільнасці да правапарушэнняў.

Сцэнар разгледжаных  спраў падобны: менавіта з-за п’янства здзяйсняюцца многія правапарушэнні, развальваюцца сем’і, пакутуюць блізкія людзі.

Амплуа сямейных скандалістаў   і аматараў алкагольных напояў мелі двое запрошаных. Адзін з іх – бацька сямейства, які не лічыць, што сваімі паводзінамі ён калечыць псіхіку непаўналетніх. Выслухаўшы тлумачэнні запрошанага, члены савета калегіяльна шукалі шляхі для паляпшэння жыццёвых абставінаў у сям’і. Прадстаўнік РАУС у сваіх ацэнках ладу жыцця  сям’і быў катэгарычны: калі  бацькі не навучацца жыць у згодзе, то  ў заканадаўчай сістэмы ёсць рычагі для таго, каб засцерагчы дзяцей ад негатыўнага на іх  ўплыву блізкіх.

Сяброўства з “зялёным зміем”, як вядома, да дабра не даводзіць. Так адбылося і ў выпадку з  механізатарам, які быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ за тое, што  кіраваў  трактарам у стане алкагольнага ап’янення. Як вынік –  на пяць гадоў пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам і штраф 200 базавых велічынь. А ці патрэбна была такая язда?!

У кожнага  з запрошаных  свой  лёс.  Гэта, як ніхто іншы, разумеюць члены  камісіі, яны не выносяць прысуд, а ўсімі спосабамі спрабуюць вярнуць тых, хто «заблудзіўся»,  да нармальнага жыцця.  Спрабуюць дастукацца да свядомасці кожнага, прыводзячы канкрэтныя прыклады з жыцця іх аднагодкаў і аднавяскоўцаў,  зберагчы ад фатальных памылак, якія прыводзяць да трагедый.

Супрацоўнік РАНС Павел Купрас у чарговы раз правёў індывідуальную тлумачальную гутарку з  запрошанымі грамадзянамі. Асацыяльны   лад жыцця павялічвае рызыку ўзнікнення пажараў па прычыне курэння ў нецвярозым стане, а гэта небяспечна не толькі для яго самога, але і для родных, суседзяў. Участковы інспектар РАУС Раман  Шнок   папярэдзіў аб  тым, што верагоднасць  трапіць у месцы пазбаўлення волі альбо на прымусовае лячэнне ўзрастае з кожным неабдуманым учынкам. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш   асабіста кожнаму непрацуючаму прапанавала працоўныя вакансіі.

Савет вынес грамадзянам папярэджанні аб магчымых наступствах у выпадку працягу асацыяльных паводзін  у будучым. Ад усіх атрыманы запэўненні выправіцца і перагледзець свае жыццёвыя арыенціры. Прычым па кожнай сітуацыі прыняты рашэнні і дадзены даручэнні з вызначэннем тэрмінаў выканання, якія будуць пад кантролем зацікаўленых службаў.

Кацярына КУКАНАВА                         

Фота аўтара