О правилах безопасности на воде рассказывает начальник Кореличского ОСВОД Александр Кандрусик

Дзеці з нецярпеннем чакаюць цёплых летніх дзянькоў, аднак у гэты час іх падпільноўвае павышаная небяспека. Гэтаму спрыяе спякотнае надвор’е, вялікая колькасць вольнага часу і, вядома, адсутнасць бацькоўскага кантролю. Сваім бачаннем пытанняў бяспечнага адпачынку дзеліцца начальнік АСВОД Карэліцкага раёна Аляксандр Кандрусік.

 

— Каб адпачынак з дзецьмі на вадзе не ператварыўся ў трагедыю, што неабходна ведаць бацькам, дарослым аб правілах знаходжання на вадаёмах з дзіцем?

— Перш за ўсё, робячы выбар паміж неабсталяваным неафіцыйным месцам купання і добраўпарадкаваным санкцыянаваным пляжам, спыніцеся на апошнім. Тут дно абследавана  і на беразе знаходзіцца неабходная інфраструктура, а самае галоўнае, у выпадку бяды дапамога дакладна прыйдзе своечасова.

— У які час дня лепш купацца?

— Рабіце перапынак паміж купаннем і прыёмам ежы  не менш за 40 хвілін. Таму што падчас купання могуць узнікнуць спазмы, боль у жываце і нават рызыка захлынуцца. Аптымальным часам для купання дзяцей і дарослых лічацца ранішнія і вячэрнія гадзіны, калі сонца грэе, але не паліць. Па працягласці купанне павінна складаць ад 5 да 20 хвілін.

— Звычайна бацькі бяруць з сабой на раку для дзіцяці нейкія прадметы, цацкі, каб заняць яго. Якая небяспека можа падпільноўваць у гэтым выпадку?

— Набываючы ў магазіне надзіманы матрац або круг для дзіцяці, спыніце выбар на тых, што прызначаны для эксплуатацыі на адкрытых вадаёмах: яны, як правіла, выкананы з больш трывалых матэрыялаў і маюць некалькі аўтаномных паветраных камер. Пры парыве адной з іх матрац застанецца на плыву. Не дазваляйце дзецям, знаходзячыся ў вадзе, гуляць у гульні, звязаныя з ныраннем і захопамі. Ніколі не даручайце старэйшым дзецям сачыць за малодшымі.

— Як даросламу зразумець, што дзіцяці пагражае бяда?

— Калі дзіця знаходзіцца ў вадзе, не выпускайце яго з-пад увагі ні на хвіліну! Часта існуе стэрэатып, што чалавек,  які тоне,  абавязкова крычыць і махае рукамі, прыцягваючы ўвагу. На справе ж дзіцячае ўтапленне не выглядае так. У рэдкіх выпадках чалавек, тым больш малое дзіця, здольна перамагчы інстынктыўную панічную рэакцыю і пачаць дзейнічаць асэнсавана: клікаць на дапамогу, размахваць рукамі, плыць у напрамку берага. Вось асноўныя прыметы, што дзіця тоне: трымае галаву нізка ў вадзе, рот на ўзроўні вады; нахіляе назад галаву, адкрывае рот; вочы шкляныя, пустыя, не факусіруюцца; валасы на лбе і на вачах.

Навучыце дзіця клікаць на дапамогу, калі яно стала сведкам здарэння на вадзе, не палохацца і, ужо тым больш, не спрабаваць ратаваць тапельца самастойна.

Вядома, самы верны спосаб абараніць  дзіця ад бед і непрыемнасцяў – гэта заўсёды знаходзіцца з ім побач. Шкада, што ў сучасным рытме жыцця не заўсёды гэта ўдаецца. Таму, каб не перажываць і не ламаць галаву, дзе і з кім праводзіць час ваша дзіця, паклапаціцеся загадзя аб  яго вольным часе  ў перыяд летніх канікул. Па магчымасці забяспечце яму арганізаваны летні адпачынак.

Кацярына КУКАНАВА