Водитель-почтальон Кореличского РУПС Павел Хауста – о том, почему любит свою работу

Паштальён — прафесія запатрабаваная і ў наш час высокіх тэхналогій. Яму асабліва рады ў сельскай мясцовасці і асабліва пажылыя людзі. Аказваючы неабходныя паслугі і дорачы радасць сустрэч, ён становіцца для многіх самым блізкім чалавекам.

Павел Хаўста — вадзіцель-паштальён Карэліцкага ўчастка паштовай сувязі. Абслугоўвае жыхароў 23 населеных пунктаў Карэліччыны, сярод іх насельнікі Турэцкага і Ярэміцкага сельсаветаў, вёскі Пясочная Жухавіцкага.

 — Вы свой выбар зрабілі свядома?

— Дзесяць гадоў таму паклікаў сябар Уладзіслаў Сцяпашка, які ў той час працаваў на пошце. Я працаваў у СВК «Маяк-Заполле» пасля заканчэння Карэліцкага будаўнічага ліцэя па спецыяльнасці «машыніст крана аўтамабільнага, вадзіцель катэгорыі «С».

Прыйшоў на пошту вадзіцелем-паштальёнам, і ўжо на першым часе праца вельмі спадабалася. Шмат было новага і цікавага. Пра некаторыя вёскі раёна нават не чуў. За дзесяць гадоў наведаў многія, ведаю жыхароў. Яны тэлефануюць і пішуць у вайбер, даюць заяўкі. Дастаўляю ім газеты, часопісы, пісьмы, пасылкі, прадукты.

Ад паштальёна-вадзіцеля залежыць своечасовая дастаўка пошты. Бывае ў дарозе з дзесяці гадзін раніцы да сямнаццаці вечара. Рабочыя дні —  аўторак — субота. Галоўнымі якасцямі прафесіі лічыць таварыскасць, камунікабельнасць, падыход да людзей.

«Ці ўдаецца ладзіць з людзьмі?» — цікаўлюся ў суразмоўцы. Работнік паштовай сувязі прызнаецца, што для некаторых  стаў сваім,  і яны ласкава называюць  яго сынам ці ўнукам. Стараецца апраўдаць іх спадзяванні  і аказвае неабходныя паслугі.  «Для мяне вельмі проста, а тым больш гэта мая штодзённая праца, а для іх  мая дапамога ў радасць. На першы погляд, дробязі, але з іх складаюцца нашы штодзённыя будні: аплата за святло, тэлефон, крэдыты, электронныя плацяжы і іншае», — гаворыць Павел.

— За дзесяць гадоў працы не надакучыла калясіць па раёне?

— Калі пераехаць у іншы горад, выберу толькі гэту працу. Мне падабаецца мець зносіны з пажылымі людзьмі, у іх шмат мудрасці,  яны заўсёды дадуць добрую параду і падкажуць адказы на любыя пытанні. Не менш важна, што паштальён заўсёды ў дарозе і сярод людзей.

Таццяна САМЕЦ, начальнік Карэліцкага ўчастка паштовай сувязі Лідскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта»:

— Да свята мы атрымалі добрую навіну: высока ацэнена праца філіяла — занесены на абласную Дошку гонару Гродзенскай вобласці, бо выйшаў пераможцам сярод суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і іншых арганізацый і іх філіялаў Гродзенскай вобласці па выніках 2023 года, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне сувязі. Таму сёння хачу адзначыць прафесіяналаў сваёй справы. Апора пошты — кіраўнікі сярэдняга звяна: начальнікі і спецыялісты па паштовай дзейнасці аб’ектаў паштовай сувязі. Ад іх умення аб’яднаць людзей залежаць вынікі ўсяго калектыву. Выдатна працуюць на гэтай пасадзе начальнікі аддзяленняў сувязі Наталля Чура (Карэлічы), Ганна Бязушка (Мір), Таісія Сачук (Турэц), Юлія Атока (Жухавічы), Наталля Коцік (Баранавічы), Ганна Сіманенка (Ярэмічы). Для задавальнення запыту жыхароў сельскай мясцовасці працуе перасовачнае аддзяленне паштовай сувязі «Карэлічы-1». Яно аказвае паштовыя і няпрофільныя паслугі насельніцтву там, дзе адсутнічаюць стацыянарныя аб’екты паштовай сувязі. Начальнік Святлана Рэмез стараецца знайсці падыход да людзей рознага ўзросту, і дапамагае ў гэтым вадзіцель Уладзімір Горбач.

Ва ўсе часы тварам пошты з’яўляліся паштальёны. Гэта сацыяльна-значная прафесія вельмі важная для сельскай мясцовасці. Добрасумленна спраўляюцца са сваімі абавязкамі Алена Сямёнава (Карэлічы), Жанна Стрэчань (Вялікія Жухавічы), Іна Лобанава і Ірына Івашэўская (Мір), Раіса Грыб (Цырын) і іншыя.

Хачу адзначыць ветэранаў галіны, тых, хто сумленна працаваў і ўкладваў душу ў любімую працу, быў нашымі настаўнікамі. Гэта Валянціна Сцяпанаўна Богуш, Таісія Аляксандраўна Палуян, Святлана Мікалаеўна Касцюкевіч, Таісія Лявонцьеўна Салавей, Вольга Сцяпанаўна Бязмен, Ніна Мікалаеўна Хука, Надзея Іванаўна Гавіна, Тамара Мікалаеўна Клышэўская,  Валянціна Міхайлаўна Гурыновіч, Тамара Мікалаеўна Кулак, Наталля Анікій і іншыя.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ