У ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» праведзена ўрачыстая лінейка «Апошні званок-2024»

Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы. У яе дворыку шматлюдна: тут сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі, госці. Усе ў чаканні ўрачыстага і хвалюючага свята апошняга званка.

Навучальны 2023/2024 год увойдзе ў летапіс навучальнай установы як Год міру і стварэння і Год якасці. Ён прынёс школе і вучням безліч перамог і ўзнагарод, пра якія паведалі на ўрачыстасці. Слова трымае дырэктар Вікенцій Браніцкі. Ад імя калектыву шчыра віншуе выпускнікоў і жадае, каб з імі назаўсёды засталіся самыя цёплыя ўспаміны, ніколі не забывалі пра школу і з гонарам неслі высокае званне вучня навучальнай установы, а ўсім пажадаў, каб лета прайшло на выдатна.

Дырэктар школы ўручае ўзнагароды выдатнікам, актывістам, спартсменам. Граматамі за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны ўзнагароджваюцца Дар’я Качан, Мілана Кныш, Мікіта Сак, Максім Дораш, Аляксандр Шабан, Аляксандра Утлік, Маргарыта Баярэнка; за актыўны ўдзел у жыцці ўстановы адукацыі — Дар’я Качан, Мілана Кныш, Аляксандра Утлік, Яўгеній Малышка, Паліна Арцюх, Дар’я Урбановіч, Ксенія Касцюкевіч, Дар’я Кузьміч, Дар’я Кадуцкая, Аляксандра Струк, Таццяна Пякарская, Паліна Сільвановіч; за актыўны і выніковы ўдзел у спартыўных спаборніцтвах — Мікіта Сак, Максім Дораш, Юрый Кузьміч, Мікіта Гарбачоў, Мікіта Варанко, Дзмітрый Ашурок, Анастасія Жарко, Валянцін Маеўскі.

Слова для віншаванняў прадстаўляецца старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксею Гаўрошу. Прамоўца ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў пажадаў вучням здароўя, шчасця, поспехаў. Звяртаючыся да выпускнікоў, адзначыў, што ў іх самы адказны час, і трэба верыць і крочыць наперад. У нашай краіне ёсць усе магчымасці для ажыццяўлення мараў: мірнае неба, сацыяльная падтрымка і стаўка на моладзь. «Удачы, і каб усе мары ажыццявіліся!», — сказаў Аляксей Іванавіч.

Прадстаўнік мясцовай улады ўручыў выпускніцы школы Аляксандры Утлік Падзяку ад Карэліцкай РА РГА «Белая Русь» за ўдзел у раённым конкурсе работ творчай моладзі «Залатое пяро» «Белай Русі-2024».
Уручаюцца Дыпломы 1-ай ступені пераможцам 2-га этапа рэспубліканскай алімпіяды Мілане Кныш (па рускай мове і літаратуры), Аляксандры Утлік (англійскай мове), Максіму Дорашу (матэматыцы), Дар’і Качан і Уладзіславу Ульянка (біялогіі), Алесі Зайко (грамадазнаўстве); Дыплом 2-ой ступені — Мілане Кныш і Дыплом 3-яй ступені — Аляксандры Утлік (беларускай мове і літаратуры); Дыплом Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь — Максіму Дорашу за ўдзел у 3-м этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці.
На свята завітаў і начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік і пажадаў дзяўчынкам і хлопчыкам бяспечна правесці летнія канікулы, і каб лета было карысным і цікавым без аніякіх здарэнняў. Узнагародзіў самых актыўных вучняў.

Якія яны, выпускнікі 2024 года? Цудоўныя, урачыстыя, яркія, усхваляваныя, юныя, таленавітыя, упэўненыя — так ахарактарызавалі іх і паведалі пра кожнага як пра Асобу, якую чакае наперадзе свая дарога ў жыцці, толькі трэба прыкладаць усе старанні для ажыццяўлення пастаўленай мэты.


Юнакоў і дзяўчат шчыра павіншавалі дзесяцікласнікі і першакласнікі. Па добрай традыцыі выпускнікі і вучні першых класаў абмяняліся падарункамі.
Галоўны настаўнік і добры дарадца для выпускнікоў — класны кіраўнік. Іна Мікалаеўна Кошур пажадала ім паспяховай здачы экзаменаў і ўпэўнена ісці да мары, і каб усе планы рэалізавалі.

Яна назвала дзяўчат і юнакоў унікальнымі асобамі, якія назаўсёды застануцца ў сэрцы педагога.
Хвалюючы і незабыўны дзень і для бацькоў: іх дочкі і сыны заканчваюць школу і выбіраюць свае прафесіі ў жыцці. З наказам на дарогу выступіла Алена Мікалаеўна Шабан. Яна выказала словы падзякі настаўнікам за веды, цярпенне, выхаванне, і ўсе пытанні вырашалі на карысць вучняў. А выпускнікам пажадала: «Няхай рашэнні будуць вернымі! Не губляйце сяброў і не забывайце настаўнікаў! У жыцці няма нічога немагчымага, усё залежыць ад вас». У якасці падарунка ад бацькоў выкананы цудоўны танец.


І вось слова даецца выпускнікам. Яны называюць школу другім домам і выказваюць словы шчырай удзячнасці дырэктару школы, настаўнікам, бацькам, а ўсім — не губляць аптымізму і станоўчых адносін да жыцця. Выпускнікі перадаюць эстафету 10-класнікам — ключ ад краіны ведаў. Гучаць пажаданні: «Няхай заўсёды жывуць у школе шчасце пазнання, радасць зносін, атмасфера сяброўства і ўзаемапавагі, пастаяннага пошуку і творчасці, адзінства вучня і настаўніка!»


Дзяўчаты і юнакі выпускаюць у неба шары.
Гучыць школьны вальс, і выпускнікі кружацца ў танцы.


На ўрачыстай лінейцы ўшаноўваюцца і дзевяцікласнікі. Ім жадаюць поспехаў і дасягненняў, знайсці сябе ў прафесіі, жыцці, сям’і , а тым, хто прадоўжыць вучобу ў школе, трывалых ведаў і добрых адзнак.


Апошні званок даюць першакласніца Аляксандра Варэнік і адзінаццацікласнік Мікіта Сак.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ