С 1 июля изменится порядок выплаты пенсий. Кого из кореличчан это коснется?

З 1 ліпеня 2024 года змяняецца парадак атрымання пенсій і дапамог на дзяцей. У чым заключаюцца гэтыя змены і каго яны закрануць, разбіраемся з начальнікам  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Інай Богуш.

 

— Іна Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка,   чым выкліканы змены і ў чым іх сутнасць?

— З 1 ліпеня 2024 года пенсіянеры, маладзейшыя за 70 гадоў, якія пражываюць у   гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах, у  тым ліку і ў г.п. Карэлічы, будуць атрымліваць пенсіі і дапамогі толькі праз банкі. Гэта звязана з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат”, які ўступіць у сілу  1 ліпеня 2024 года.

— Ці ўсіх пенсіянераў закране гэтае новаўвядзенне?

— Змены закрануць толькі тых, хто маладзейшы за 70 гадоў і пражывае ў г.п. Карэлічы. Права выбару, пошта (у тым ліку з дастаўкай на дом) або банк, застаецца ў грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, незалежна ад узросту. Такое ж права выбару ў гарадскіх пенсіянераў старэйшых за 70 гадоў і інвалідаў I і II групы.

Новаўвядзенне ў  нашым раёне  закране 76 чалавек.

У красавіку бягучага года ўсім, каго тычацца змены, былі адпраўлены інфармацыйныя пісьмы. На сённяшні дзень  у банках раёна ўжо аформлена 51 заява. Да 3 чэрвеня  будуць дадаткова адпраўлены інфармацыйныя лісты тым, хто  не звярнуўся ў банк.

— Хто яшчэ будзе атрымліваць выплаты ў банках?

— Інваліды ІІІ групы і атрымальнікі дзіцячых дапамог (прызначаных ва ўпраўленні) з 1 ліпеня 2024 года таксама будуць абслугоўвацца праз банкі. Выключэнне складаюць атрымальнікі дзіцячых дапамог, якія маюць інваліднасць I і II груп, і бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў. Ім даецца права выбару атрымліваць дапамогу праз банк альбо пошту.

— Што зрабіць, каб перавесці пенсію і дапамогу ў банк?

—Для гэтага неабходна выбраць банк, прыйсці туды, адкрыць базавы рахунак і там жа запоўніць заяву аб пералічэнні пенсіі або дапамогі. Але ўсё гэта трэба зрабіць да 10 чэрвеня 2024 года.

Спяшаюся супакоіць тых, хто па нейкіх прычынах баіцца выкарыстоўваць банкаўскую картку: грошы можна будзе атрымліваць або праз касу банка, або з выкарыстаннем банкаўскай карткі — па выбары самога атрымальніка.

Хачу адзначыць, што выплаты праз банк з ліпеня бягучага года будуць праводзіцца з 5-га чысла штомесяц.

— Банк можа выбраць сам атрымальнік?

— Так, вядома, але толькі з банкаў-партнёраў. На тэрыторыі нашага  раёна іх два: ААТ “Беларусбанк” і ААТ “Белаграпрамбанк”.  А ўвогуле па рэспубліцы  — гэта ААТ “Прыорбанк”, ААТ “Ашчад Банк”, ААТ “Белгазпрамбанк”, ААТ “Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк”, ААТ “Банк Дабрабыт”, ААТ “Белзнешэканомбанк”.

Важна

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама  па нумарах: 31-6-96, 21-2-56, 21-4-57  працуе “гарачая тэлефонная лінія” па пытаннях змянення парадку выплаты пенсій (дапамог). Адказны — Ірына Казіміраўна Трыбуць, начальнік аддзела пенсій і сацыяльных выплат.

Кацярына КУКАНАВА