Председатель райисполкома Геннадий Шатуев подводит итоги работы Кореличского района за 5 лет

Паважаныя карэліччане і госці раёна!

Юбілей Карэліцкага раёна — нагода падвесці пэўны вынік, адкрыць новую старонку ў гісторыі, якая абавязкова павінна адпавядаць узроўню папярэднікаў.

Галоўнае наша багацце, сіла і слава — гэта энергічныя і таленавітыя, працавітыя і мэтанакіраваныя, шчыра любячыя сваю малую радзіму людзі. Карэліцкая зямля выгадавала Героя Савецкага Саюза У. З. Царука, першага Героя Працы СССР А.І. Барысевіча, 8 Герояў Сацыялістычнай Працы.

Менавіта дзякуючы працавітасці жыхароў раёна, іх добрасумленным адносінам да любой справы, з году ў год наш раён дэманструе паспяховую працу і паступальны рух.
Так, за апошнюю пяцігодку ў сельскай гаспадарцы зроблены значны крок наперад, атрыманы годныя паказчыкі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Напрыклад, рэалізацыя малака вырасла з 65772 тон да 70839 т, сярэдні надой на карову — з 5703 кг да 6177. Поспехі жывёлагадоўчай галіны Карэліцкага раёна высока ацэнены на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Па выніках работы за 2015, 2016, 2017 і 2019 гады СВК «Свіцязянка-2003» занесены на Рэспубліканскую Дошку гонару. У 2018 і 2019 гадах «Лукі-Агра» стала першым у абласным спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія займаюцца свінагадоўляй, у 2020-м — другім.

Карэліцкі раён з году ў год утрымлівае лідарскія пазіцыі ў абласным спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Так, у 2015, 2019 і 2020 гадах Карэліччына стала другой на Гродзеншчыне, у 2016 і 2018 гадах — трэцяй.

Заканамерна, што росту аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці спрыяе мадэрнізацыя і тэхнічнае ўзбраенне аграрнага сектара. За апошнія 5 гадоў на Карэліччыне пабудаваны буйныя жывёлагадоўчыя аб’екты. У 2015 годзе ў КУСП «Чарняхоўскі-Агра» ўзведзена племянная ферма на 250 чыстапародных свінаматак з рэпрадуктарам на 950 асноўных свінаматак. У наступным годзе пачаў функцыянаваць комплекс па вырошчванні і адкорме 27 тысяч парасят у год пры в. Камаровічы СВК «Маяк-Заполле». У 2018 годзе завершаны інвестыцыйны праект «Будаўніцтва двух кароўнікаў на 610 месцаў і даільнага блока пры МТФ «Райца-1» СВК «Свіцязянка-2003».

Прыемна, што праца нашых людзей не засталася незаўважанай. Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены старшыні і галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Медалямі «За працоўныя заслугі» ўзнагароджаны старшыні СВК «Свіцязянка-2003» Уладзімір Галавач і СВК «Жухавічы» Дзмітрый Янкоўскі, галоўны заатэхнік СВК «Свіцязянка-2003» Віктар Саўко, а таксама галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Мяцеліца. У 2018 годзе ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» прысвоена Уладзіміру Галавачу, а ў 2020 годзе — Дзмітрыю Янкоўскаму. У 2017 годзе ордэнам Пашаны ўзнагароджаны загадчык участка № 1 СВК «Маяк-Заполле» Іван Гавака.

На Карэліччыне сфармавалася станоўчая дынаміка прамысловай вытворчасці з індэксам росту 106%. Прамысловыя прадпрыемствы раёна выпускаюць прадукцыю, канкурэнтную як па нацыянальных, так і па міжнародных стандартах. За перыяд з 2016 па 2019 год экспарт тавараў, вырабленых у рэгіёне, вырас на 86%, у грашовым выражэнні — з 1,9 млн долараў у 2017 годзе да 3,6 млн долараў у 2019 годзе. Прарывам стаў выхад на новыя рынкі збыту — В’етнам і Нідэрланды. Так, прадукцыя Карэліцкага сырцэха «Навагрудскія Дары» філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» з году ў год становіцца лаўрэатам прэстыжных выстаў, фестываляў і конкурсаў. ААТ «Карэлічы-Лён», адно з буйнейшых ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублікі, экспартуе сваю прадукцыю ў Кітай і В’етнам. Да ліку лепшых у Беларусі адносіцца Карэліцкае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, занесенае ў 2020 годзе на абласную Дошку гонару.

Яслі-сад г.п. Мір

З гадамі Карэліцкі раён толькі прыгажэе, становіцца ўсё больш утульным і камфортным. За апошнія гады ён прырос новымі сацыяльнымі аб’ектамі: запрацаваў новы дзіцячы сад на 130 месцаў у г.п. Мір, адкрыты новы будынак Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне гемадыялізу ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, узведзены 100-метровы жалезабетонны мост праз Нёман. За гэту пяцігодку ў раёне пабудавана амаль 17 тысяч квадратных метраў жылля, а гэта без малога 140 кватэр. Поўным ходам ідзе будаўніцтва 20-кватэрнага дома па вуліцы 8 Сакавіка ў Карэлічах. Маштабнае добраўпарадкаванне закранула пасёлак Мір. Тут капітальна добраўпарадкаваны вуліцы Сташэўскай, Школьная, Зорная і Танкістаў. Пабудавана станцыя абезжалезвання, якая забяспечвае якаснай пітной вадой 3 тысячы жыхароў гарпасёлка.

Станцыя абезжалезвання ў г.п. Мір

У Карэліцкім раёне першачарговая ўвага надаецца ўстановам сацыяльнай сферы. Пачынаючы з 2015 года, на фінансаванне галін адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і сацыяльнай палітыкі з раённага бюджэту накіравана больш за 110 млн рублёў. Так, праведзены капітальны рамонт усіх стацыянарных аддзяленняў і харчаблока Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Маштабныя рамонтныя работы прайшлі ў сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы, дзе ўведзены ў строй новы харчаблок і сталовая.

Карэліцкі раён працягвае слаўныя спартыўныя традыцыі, зноў і зноў становячыся прызёрам абласнога агляду-конкурсу па спартыўна-масавай працы. Прыемна адзначыць той факт, што 13 нашых калектываў устаноў культуры маюць званне «народны», «узорны».

Упэўнены, што агульнымі намаганнямі мы адкрыем паспяховыя старонкі ў новай гісторыі карэліччыны.

Генадзій Шатуеў,
старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта