Большое родительское собрание состоялось в Кореличском районе

У Карэліцкім раённым выканаўчым камітэце адбыўся раённы бацькоўскі сход на тэму: «Бяспека дзяцей — у нашых руках». Яго ўдзельнікі — прадстаўнікі мясцовай улады, педагагічных калектываў, бацькоўскіх камітэтаў школ, раённых службаў. Мэта — звярнуць увагу педагогаў, бацькоў, грамадскасці на пытанне бяспекі дзяцей у летні перыяд.

 Летнія канікулы — доўгачаканы час для дзяўчынак і хлопчыкаў. Яны могуць добра адпачыць і з карысцю правесці вольны час. Гэта і вялікая адказнасць для дарослых: ім трэба праявіць яшчэ большыя ўвагу і клопат у выхаванні дзяцей.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык у сваім выступленні падкрэсліў, што неабходнасць правядзення такога сходу абумоўлена няшчаснымі выпадкамі, якія здараюцца з дзецьмі ў рэспубліцы. «Іх можна пазбегнуць, калі побач будуць бацькі альбо тыя, хто зможа папярэдзіць бяду. За кожным дзіцем патрэбны догляд, неабходна забяспечыць іх занятасць», — адзначыў прамоўца.

Пра арганізацыю бяспечнага адпачынку, аздараўленне і занятасць дзяцей у летні перыяд паведаміў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Марына Аляксандраўна Станкевіч. Сёлета плануецца аздаравіць 880 дзяцей, у тым ліку ў лагерах з дзённым знаходжаннем — 400, з кругласутачным — 480.

Будуць функцыянаваць 15 лагераў з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі, 5 лагераў працы і адпачынку, 7 перасовачных палатачных лагераў з асобнымі маршрутамі перамяшчэння. З карысцю дзяўчынкі і хлопчыкі змогуць правесці свой вольны час у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка». Тут створаны належныя ўмовы для пражывання, адпачынку, а таксама будзе наладжаны пільны медыцынскі кантроль за здароўем дзяцей, прадастаўлена каларыйнае і збалансаванае харчаванне. Сярэдні кошт пуцёўкі складае каля  360 рублёў, бацькоўская плата — 175 рублёў.

На летніх канікулах дзецям прадастаўляецца магчымасць наведваць заняткі па інтарэсах на базе ўстаноў адукацыі і культуры раёна. Плануюцца экскурсіі і турыстычныя паходы па Карэліцкім краі. Дзетвару чакаюць стадыён і спартыўныя пляцоўкі. Актыўнасць, рухавасць, пазнавальнасць дзяцей павінны быць накіраваны ў правільнае рэчышча.

На пытанне здароўя дзяцей на сходзе была звернута асаблівая ўвага. Фельчар-валеолаг УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» Святлана Мікалаеўна Санцэвіч адзначыла, што летам дзяўчынкам і хлопчыкам трэба шмат увагі ўдзяляць асабістай гігіене і правільнаму харчаванню. Неабходна ўжываць у ежу больш агародніны і садавіны, якія растуць у нашай мясцовасці. Звярнула ўвагу і на аказанне дапамогі пры ўкусах насякомых. «Трымайце дзяцей да трох гадоў навідавоку — на адлегласці выцягнутай рукі», — параіла медыцынскі работнік.

Хвалюючымі застаюцца і пытанні пажарнай бяспекі. Выконваючы абавязкі начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Анатольевіч Шуляк сканцэнтраваў увагу прысутных на тым, што трэба расказваць дзецям аб паводзінах у экстрэмальных сітуацыях, пры пажарах тэлефанаваць па нумарах 101 і 112. Супрацоўнікі пажарнай службы падзякавалі педагогам раёна за супрацоўніцтва і ўручылі ўзнагароды.

Слушнымі аказаліся парады і астатніх прамоўцаў на раённым форуме. Першы намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Іванавіч Скварчынскі звярнуў увагу на тое, што камп’ютарныя гульні могуць прывесці да бяды, таму бацькам трэба заставацца пільнымі і прадбачлівымі ў адносінах да таго, чым цікавяцца дзеці. Старшыня Карэліцкага раённага таварыства выратавання на водах Аляксандр Яўгеньевіч Кандрусік раіў вывучаць з дзецьмі элементарныя правілы паводзін на вадзе і купацца толькі ў вызначаных месцах: азёрах Свіцязь і Юбілейнае. Памочнік пракурора Карэліцкага раёна Віталій Станіслававіч Юрго нагадаў пра тое, што існуе адміністратыўная адказнасць бацькоў за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей.

На сходзе быў узняты і шэраг іншых пытанняў, якія пастаянна на слыху. Напрыклад,  непаўналетнія не павінны знаходзіцца пасля 23.00 на вуліцы без суправаджэння дарослых. Трэба весці строгі кантроль за тым, дзе і з кім бавяць свой вольны час дзеці, каб яны не ўжывалі спіртных напояў. Нагадваць аб тым, як паводзіць сябе на дарогах: пераходзіць вуліцу ў вызначаных месцах, у цёмны час сутак насіць флікеры. Былі дадзены парады, як паводзіць сябе пры наведванні лясоў, што рабіць, калі знайшоў на адзенні або целе кляшча.

Гэтыя, на першы погляд, прапісныя ісціны дзецям трэба ведаць, бо ад іх залежыць здароўе, а часам і само жыццё. Дарослыя нясуць адказнасць за паводзіны дзяцей, і трэба зрабіць усё  для таго, каб дзяцінства было бяспечным. Здароўе і шчасце дзяўчынак і хлопчыкаў — у нашых руках.

 

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Аксаны ЯНУШ.

Добавить комментарий