Алена Майсак: «Кожнаму маладому медыку неабходны вопытныя настаўнікі і камфортныя ўмовы для работы і жыцця»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб асноўных напрамках у галіне кадравай палітыкі і медыцынскай адукацыі, стане, праблемах і перспектывах развіцця ўніверсітэта, яго ролі ў падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў.

Гэтыя пытанні актуальныя і для рэгіёнаў. Галоўны ўрач УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Алена МАЙСАК пракаментавала навіну наступным чынам:

— Безумоўна, Прэзідэнт мае рацыю, калі кажа, што для медыкаў задача нумар адзін — гэта павелічэнне працягласці і павышэнне якасці жыцця нашых людзей. Так, напрыклад, у Карэліцкім раёне ў бягучым годзе працягласць жыцця павялічылася на 2,1 года і склала 76,4 года. У 2018 годзе гэты паказчык быў роўны 74,3 года. Усё гэта вынік зладжанай работы медыцынскіх работнікаў раёна. Укамплектаванасць урачамі складае 94,9% супраць 82% у мінулым годзе. Усяго ў раёне працуе 79 урачоў. У бягучым годзе да работы прыступілі 12 урачоў-маладых спецыялістаў. Пры гэтым працэнт замацаванасці ўрачоў па выніках 2018 года складае 85,7%. На сённяшні дзень у Карэліцкім раёне патрабуецца 7 урачоў і 14 сярэдніх медыцынскіх спецыялістаў. Плануем, што ў 2020 годзе па размеркаванні да нас будуць накіраваны маладыя спецыялісты.

Мы разумеем, што кожнаму маладому медыку неабходны не толькі камфортныя ўмовы для работы і вопытныя настаўнікі. Дапамагчы вырашыць жыллёвае пытанне — адзін з нашых прыярытэтаў. Так, на працягу апошніх двух гадоў наша ўстанова аховы здароўя здымае жыллё 14 медыкам, трое ўрачоў атрымалі арэнднае жыллё, яшчэ 12 жывуць з бацькамі, 8 чалавек усталявалі свой быт у інтэрнаце.

Што тычыцца заробкаў, то за 11 месяцаў бягучага года сярэдняя заработная плата ўрачэбнага персаналу склала 1164 рубля, у маладых урачоў яна крыху ніжэй — 1020 рублёў. З 1 студзеня 2020 года пасля рэформы аплаты працы ў бюджэтнай сферы заробак не зменшыцца.

Абнаўляецца і матэрыяльна-тэхнічная база нашых устаноў аховы здароўя. Так, у бягучым годзе ў Карэлічах адкрыта міжраённае аддзяленне гемадыялізу на 6 ложкаў. Праграмную ныркава-замяшчальную тэрапію атрымліваюць пацыенты з Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Выкананы рамонтныя работы ў аддзяленні гемадыялізу коштам амаль 277 тысяч рублёў, пафарбаваны фасад раённай бальніцы на суму 17 тысяч руб. Зараз вядуцца рамонтна-будаўнічыя работы ў харчаблоку бальніцы. На працягу года набыта медыцынскага абсталявання на суму амаль 32 тысячы рублёў. Гэта 4 электракардыёграфа, дэфібрылятар, 2 маніторы пацыента для аддзялення рэанімацыі, а таксама сістэма працяглага манітарыравання электракардыяграм і артэрыяльнага ціску.

Лічу, што ў нашым рэгіёне прыкладаецца максімум намаганняў, каб медыцынскія работнікі павышалі свой прафесійны ўзровень, маладыя спецыялісты пусцілі тут свае карані, а значыць тады пацыенты будуць адчуваць сябе больш спакойнымі і абароненымі.

Падрыхтавала Іна ЛЕЙКА