Віншуем, нашы шаноўныя сябры! 28 снежня Карэліцкая раённая бібліятэка адзначае 75-годдзе

75 гадоў — гэта шмат ці мала?.. Для ўстановы не надта, а для чалавека амаль усё жыццё. Але і ў кожнай бібліятэкі, як і ў нас з вамі, ёсць свая біяграфія, свая гісторыя, сваё прызначэнне.

? Ад мінулага да сучаснасці

28 снежня Карэліцкая раённая бібліятэка адзначае свой юбілей. А пачыналася ўсё так…

Да таго, як бібліятэка пачала працаваць, у раёне дзейнічалі хаты-чытальні ў 16 сельскіх Саветах. Восенню 1944 года моладзь і камсамольцы Карэліч пачалі збіраць у насельніцтва кнігі, каб адкрыць у мястэчку бібліятэку. Сярод іх быў Іван Аляксандравіч Шыбут. Бібліятэка пачала дзейнічаць з 28 снежня 1944 года ў будынку старога Дома культуры. А на пасаду першага загадчыка прызначылі Надзею Канстанцінаўну Петухову (Гасціла), затым яе змяніла Анастасія Аксёнаўна Радзеўская, часова выконвала гэтыя абавязкі і Алімпіяда Іванаўна Дубіна, больш за 30 гадоў дырэктарам бібліятэкі працавала Вера Канстанцінаўна Іваноўская. Паступова змяняўся і штат супрацоўнікаў установы: уводзіліся штатныя адзінкі бібліятэкара, загадчыка перасоўнага фонду, загадчыка абанемента. У 1974 годзе ў бібліятэцы стала працаваць 6 чалавек.

Кніжны фонд таксама павялічыўся ў некалькі разоў – з 500 асобнікаў да 15 тысяч. На момант цэнтралізацыі ён складаў больш за 35 тысяч асобнікаў, а за гады цэнтралізацыі ўзрос на 45%. Узрасла і колькасць чытачоў: на пачатку цэнтралізацыі бібліятэка абслугоўвала каля 3000 наведвальнікаў, а ў 2000 годзе – ужо 4000 чалавек.

Яшчэ адна знакавая дата нашай гісторыі – 1975 год, калі бібліятэка становіцца цэнтральнай, аб’яднаўшы ў адзіную сістэму 49 бібліятэк раёна з адзіным кніжным фондам, дзе налічвалася больш за 400 тысяч экзэмпляраў.
Між іншым, за паспяховую цэнтралізацыю Карэліцкая раённая цэнтральная бібліятэка стала школай перадавога вопыту для бібліятэк БССР.

У 1982 годзе бібліятэка пачала абслугоўваць чытачоў па новым адрасе: пл. 17 Верасня, 8. І паступова яна ператварылася ў грамадска-культурны цэнтр для жыхароў Карэліч, дырэктарам якога становіцца Ніна Сяргееўна Яфрэмава. У гэтыя гады ўстанова занялася значнай пошукавай працай па гісторыі і культуры малой радзімы, знаходзіла знакамітых людзей нашага краю, складала пра іх спісы літаратуры, праводзіла мерапрыемствы да юбілеяў знакамітых землякоў.

Гэта засталося традыцыяй і ў нашы дні. Цікава, што сёння кніжныя выставы дапаўняюцца элементамі нацыянальнага стылю: вырабамі народных умельцаў, карцінамі. Нагода для гонару і той факт, што ў 1993 годзе пры падтрымцы аддзела культуры і райвыканкама прайшлі арганізаваныя бібліятэкай І Карэліцкія краязнаўчыя чытанні, а сёлета яны адбыліся ў трынаццаты раз. Увогуле, з кожным годам мяняецца эстэтычны выгляд цэнтральнай бібліятэкі, каб чытачу ў ёй было прыемна і ўтульна.

Хочацца адзначыць і ўнёсак нашага дырэктара Ліліі Канстанцінаўны Арцюх, якая працуе на гэтай пасадзе з 2004 года і ўсім сэрцам любіць сваю справу. Так як і ўвесь наш калектыў, які імкнецца павялічваць поспехі і здабыткі мінулага.

? Бібліятэка сёння

У наш час бібліятэчна-бібліяграфічнае абслугоўванне вядзецца праз комплекс бібліятэчных паслуг. Карыстальнікі фонду атрымліваюць дыферэнцыраваную дапамогу ў падборы кніг, развіваецца сістэма інфармавання, наладжана арганізацыя вольнага часу людзей рознага ўзросту, шырока прапагандуецца літаратурная спадчына і краязнаўства. Актыўна ідзе камп’ютарызацыя ўстановы і аўтаматызацыя бібліятэчнага абслугоўвання, створаны мультымедыйны цэнтр, аказваюцца платныя паслугі.

З 2011 года мы маем бібліобус, які ажыццяўляе бібліятэчнае абслугоўванне маланаселеных і аддаленых ад стацыянарных бібліятэк вёсак па 10 маршрутах. А з 2012 года ў нас працуе інфармацыйны сайт.

Але хто гэта мы? Сёння сюды ўваходзяць дзіцячая бібліятэка, Мірская гарпасялковая бібліятэка і 12 сельскіх бібліятэк. І, вядома, мы лічым часткай каманды нашых шаноўных чытачоў. Паслугамі бібліятэкі штогод карыстаецца 3,5 тыс. чалавек, а гэта 45-46% жыхароў райцэнтра і навакольных вёсак. Менавіта для гэтых людзей праводзіцца каля 700 мерапрыемстваў у год, сярод якіх – краязнаўчыя чытанні, літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, выставы вырабаў дэкаратыўна– прыкладнога мастацтва народных майстроў Карэліччыны. Задзейнічаны чытачы і ў працы нашых аматарскіх аб’яднанняў.

Ведаюць пра нас не толькі ў раёне. Штогод мы ўдзельнічаем у конкурсах: рэспубліканскіх – “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, “Библиотека – центр духовного просвящения и воспитания”, “Лучший публичный центр правовой информации”; абласных – “Бібліятэка года”, “Героі кніжных старонак”, “На лепшую самаробную кнігу”, “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”. Прыемна, што з іх наша ўстанова прывозіць узнагароды.

Так, зроблена багата, але гісторыя бібліятэкі працягваецца, а значыць наперадзе – новыя добрыя падзеі і значныя дасягненні. Таксама сардэчна віншую наш таленавіты калектыў, ветэранаў бібліятэкарскай справы і любімых чытачоў, няхай і надалей мы будзем крочыць па кніжным свеце разам!

? УЗНАГАРОДЫ БІБЛІЯТЭКІ

1970 – Дыплом абласнога Савета прафсаюзаў Гродзенскай вобласці, упраўлення культуры “Бібліятэка выдатнай работы”.

1971 – Ганаровая грамата Міністэрства культуры Беларускай ССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафесійнага саюза работнікаў культуры.

1972 – Ганаровая грамата Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і абкома прафсаюза работнікаў культуры.

1973 – Дыплом Міністэрства Беларускай ССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прфсаюза работнікаў культуры.

1974 – Дыплом “Лепшаму працоўнаму калектыву” аддзела культуры райвыканкама за ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

? УЗНАГАРОДЫ ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЙ СІСТЭМЫ

1977 – Дыплом Усесаюзнага аргкамітэта пераможцы Усесаюзнага агляду работы бібліятэк.

? УЗНАГАРОДЫ ЦБ КАРЭЛІЦКАЙ ЦБС

1978 – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР.

1978 – Ганаровая грамата Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама за актыўны ўдзел ва Усесаюзным аглядзе работы бібліятэк і маладзёжнай чытацкай канферэнцыі “Дорогой Октября”.

1980 – Дыплом пераможцы Усесаюзнага агляду–конкурсу работы бібліятэк, прысвечанага 110-гадавіне з дня нараджэння У. Леніна.

1994 – Грамата Беларускага фонду культуры як пераможцы конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

1994 – Грамата Беларускага фонду культуры як удзельніку конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

1999 – Ганаровая грамата Карэліцкага райвыканкама.

2000 – Дыплом ІІ ступені абласнога конкурсу “Бібліятэка – інфармацыйны цэнтр рэгіёну”.

2000 – Грамата Карэліцкага райвыканкама.

2001 – Ганаровая грамата Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама як пераможцы абласнога конкурсу «Бібліятэка – інфармацыйны цэнтр рэгіёну”.

2008 — Дыплом ІІІ ступені конкурсу “Установа культуры года” ад Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Наталля КАЗАРЭЗ,
метадыст ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”
Фота Марыны КАЗЛОВІЧ