Качественная медицинская помощь на месте. Взгляд главного врача Кореличской ЦРБ Елены Майсак на систему здравоохранения района в разрезе последних лет

У фундаменце дабрабыту краіны ляжыць здароўе яе грамадзян. Таму менавіта развіццю сістэмы аховы здароўя ў Беларусі надаецца выключная роля. Сваім поглядам на медыцыну ў разрэзе часу на аснове лічбаў і фактаў дзеліцца галоўны ўрач Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Алена МАЙСАК.

– Вы маеце значны стаж у медыцыне. Як змянілася гэта сфера за апошнія дзесяцігоддзі?

– Мой прафесійны шлях пачаўся ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Прычым працавала я менавіта ў раённых установах аховы здароўя: у Бераставіцы, Мастах, а затым, з 2010 года, у Карэлічах. Вядома, у тыя гады паліклінікі і бальніцы ў маленькіх гарадах маглі толькі марыць аб тым абсталяванні, якое мелася ў абласных цэнтрах ці сталіцы. У наш час сітуацыя кардынальным чынам змянілася, бо матэрыяльна-тэхнічная база ў раёнах значна палепшылася. Сёння мы, як належнае, успрымаем той факт, што ў ЦРБ ёсць магчымасць зрабіць рэнтген, ультрагукавое, эндаскапічнае ці дэтальнае лабараторнае даследаванне, а літаральна 25 гадоў таму гэта было не так проста. Яшчэ адным важным новаўвядзеннем для аказання якаснай і высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі на месцах стала адкрыццё міжраённых цэнтраў розных профіляў – па неўралогіі, траўматалогіі, кардыялогіі, з’явіліся рэабілітацыйныя цэнтры. І мы бачым, як станоўча такія змены адлюстроўваюцца на эфектыўнасці працы нашых медработнікаў і на здароўі пацыентаў.

– Што, на Вашу думку, вылучае сістэму аховы здароўя Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі?

– Калі казаць лаканічна, то наша медыцына – цалкам для людзей. Бо адметнай рысай беларускай сістэмы аховы здароўя з’яўляюцца гарантыі атрымання ўстаноўленага аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі ў дзяржаўных установах для ўсіх грамадзян.

Дадам, што на сёння ў нашай галіне дзейнічаюць 6 крайне важных і неабходных сацыяльных стандартаў, якія паспяхова выконваюцца.

Прывядзём асноўныя лічбы па нашым раёне і пачнём з нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара. Калі ў 2016 годзе мы мелі лічбу 268,88 руб. і працэнт выканання даведзенага плана 99,9, то ў 2019 годзе адпаведна – 429,94 руб. і 103,4% .

Далей, згодна з нарматывам, на 1300 жыхароў павінен быць адзін урач першаснага звяна. У нашым раёне на аднаго ўрача ў мінулым годзе прыходзілася 1269 чалавек.

Яшчэ адзін важны аспект – забяспечанасць брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі. Па правілах пры насельніцтве ад 13 да 35 тысяч іх павінна быць не менш за тры. На Карэліччыне якраз і арганізаваны тры брыгады, ці адна на 6445 жыхароў.

Вялікую ўвагу мы надаём наяўнасці неабходнай колькасці аўтатранспарту. У прыватнасці, у бліжэйшых планах набыць аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі.

Па аптэках, пры нарматыве адна на 8 тысяч жыхароў, за 2019 год мы мелі наступную лічбу: па адной на 2148 жыхароў.

– А калі гаварыць пра агульную карціну: якую структуру на сёння мае сістэма аховы здароўя нашага раёна?

– Медыцынская дапамога насельніцтву раёна аказваецца цэнтральнай раённай бальніцай на 136 ложкаў, цэнтральнай раённай паліклінікай на 375 наведванняў за змену, Мірскай гарпасялковай бальніцай на 45 ложкаў (з якіх 25 сястрынскіх), Мірскай паліклінікай на 57 наведванняў за змену, 5 амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі ў Райцы, Цырыне, Жухавічах, Турцы і Луках, 14 ФАПамі. Апроч таго, функцыянуе Лукская бальніца сястрынскага догляду на 25 ложкаў.

– Пацыент ідзе не проста ў паліклініку ці бальніцу, а найперш да спецыяліста. Як вырашаецца кадравае пытанне ў райбальніцы?

– Нашы работнікі – галоўны, найбольш каштоўны і значны рэсурс, які і забяспечвае рэзультатыўнасць і эфектыўнасць дзейнасці ўсёй сістэмы аховы здароўя раёна. Зараз наш калектыў – гэта 520 чалавек, з іх – 79 урачоў і 207 сярэдніх работнікаў.

У мінулым годзе забяспечанасць на 10 тысяч насельніцтва склала: урачамі – 40,9, сярэднім медперсаналам – 107,1. Пры гэтым, па ўкамплектаванасці ўрачамі мы мелі лічбу 84,5%, сярэднім медперсаналам – 73%.

Адзначу, што за апошнія 5 гадоў вырасла катэгарыраванасць нашых медработнікаў, што сведчыць пра іх прафесіяналізм, добрую тэарэтычную падрыхтоўку і вопыт практычнай работы. На сёння кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 55,7% урачоў і 80,2% сярэдніх медработнікаў. У тым жа 2015 годзе гэтыя лічбы былі адпаведна – 54,5% і 69%.

У калектыве мы робім стаўку як на вопыт, так і на маладосць. У нас працуюць 14 урачоў і 29 сярэдніх медработнікаў пенсійнага ўзросту. Але штогод наш штат папаўняецца маладымі кадрамі. І калі ў 2015 годзе ў раён прыехалі 10 новых спецыялістаў – 4 урача і 6 сярэдніх медработнікаў, то летась – 21 работнік, у тым ліку 12 урачоў, 7 сярэдніх медработнікаў, псіхолаг.

Вядома, хочацца, каб маладыя людзі ў нас замацаваліся, таму райбальніца ва ўсім ідзе ім насустрач. Прыехаўшыя па размеркаванні спецыялісты своечасова атрымоўваюць пад’ёмныя і праязныя. Таксама, згодна з калектыўным дагаворам, ім устанаўліваецца даплата ў памеры ад 20% да 50% аклада. Дапамагаем мы вырашаць маладым кадрам і жыллёвае пытанне. Лічу, што сістэма настаўніцтва ў нас наладжана належным чынам. Маладыя спецыялісты ў нас адчуваюць падтрымку кіраўніка і калектыву. Апроч таго, яны задзейнічаны ў грамадскай і культурна-масавай рабоце.

– Па якіх крытэрыях вымяраецца ступень паспяховасці ў сістэме аховы здароўя?

– Найперш тут варта казаць пра медыка-дэмаграфічныя паказчыкі. Таму, пачынаючы з 2016 года, на Карэліччыне праходзіць шэраг мерапрыемстваў у межах раённай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”. Якія поспехі мы маем у гэтым напрамку сёння? Працягам мінулага года стабілізаваўся і знізіўся паказчык смяротнасці ў працаздольным узросце. Вырасла працягласць жыцця. Летась гэты паказчык склаў 76 гадоў у агульнай папуляцыі, у тым ліку сярод мужчын – 71,3 гады, сярод жанчын – 80,2 гады. Калі параўнаць з 2018 годам, то лічбы былі адпаведна дадзеным катэгорыям – 74,7, 67,7 і 80,5 гадоў.

Такім чынам, дзейнасць райбальніцы і надалей будзе накіравана на паляпшэнне медыка-дэмаграфічных паказчыкаў і стану здароўя сярод усіх узроставых груп. Вялікі плён у гэтым напрамку дае своечасовая дыспансерызацыя. У раёне яна праводзіцца на 99%. Падчас яе ў 2019 годзе ўпершыню выяўлена захворванняў у 25,7% выпадкаў.

Яшчэ адзін значны фактар эфектыўнай дзейнасці – арганізацыя работы па прынцыпе ўрача агульнай практыкі. Мы з гэтай задачай за перыяд з 2015 па 2019 гады справіліся на 100% ва ўсіх сельскіх амбулаторыях і паліклініках. Гэта значыць, што прыём такім спецыялістам ажыццяўляецца не толькі па тэрапеўтычным профілі, але і па сумежных дысцыплінах – афтальмалогіі, аталарынгалогіі, неўралогіі. Зараз у раёне дзейнічае 14 камандаў урачоў агульнай практыкі.

Яшчэ адна неабходная ў нашай сістэме пасада, якая з’явілася апошнім часам, – памочнік урача. У нашым раёне іх 9 чалавек. Яны выконваюць патранажныя агляды сталых людзей і пацыентаў, якія маюць хранічныя захворванні. Гэта значыць, што яшчэ большай колькасці карэліччан аказваецца аператыўная і якасная медыцынская дапамога.

Станоўча паўплывала на медыка-дэмаграфічныя паказчыкі і тое, што за апошнюю пяцігодку ў нас наладжана функцыянаванне скрынінгавых праграм па выяўленні каларэктальнага раку, раку малочнай залозы, шыйкі маткі, туберкулёзу і раку лёгкіх, раку прастаты, пухлінаў галавы і шыі. У выніку праведзеных даследаванняў своечасова знойдзены прадракавыя і фонавыя захворванні і захворванні на пачатковай стадыі, якія добра паддаюцца лячэнню.

– Звернемся да надзённага. Як Вы ацэньваеце развіццё матэрыяльнай базы ЦРБ?

– Адназначна на добрым узроўні. Штогод мы набываем новае абсталяванне, а нашы работнікі валодаюць неабходнай кваліфікацыяй, каб працаваць на ім з выкарыстаннем новых методыкаў лячэння і дыягностыкі.

Толькі ў 2019 годзе медыцынскага абсталявання мы закупілі на суму 44469,85 рублёў. Для параўнання ў 2016 годзе выдаткі на гэтыя мэты склалі 3245,7 рублёў.

Думаю, усе жыхары таксама заўважылі, як змянілася наша райбальніца за апошнія гады і знешне, і ўнутры. У прыватнасці, былі выкананы капітальныя рамонты ўсіх стацыянарных аддзяленняў. З апошніх значных дасягненняў – афарбоўка фасада ЦРБ, капітальны рамонт харчаблока, адкрыццё міжраённага аддзялення гемадыялізу.

Адным словам, зроблена шмат, але хочацца яшчэ больш і лепш, каб нашы людзі, як і ў вялікіх гарадах, мелі заўжды доступ да высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. А пра нашы поспехі, упэўнена, мы раскажам як у раённай прэсе, так і на сваім сайце korcrb.by. Дарэчы, там карэліччане могуць знайсці поўную інфармацыю пра нашу ўстанову, мерапрыемствы, паслугі, акцыі і шмат іншай карыснай інфармацыі.

– Для ўрача галоўнае – здароўе пацыента. З гэтым наша медыцына ладна спраўляецца, пра што сведчаць сур’ёзныя ўзнагароды.

– Так, у цэлым сістэма аховы здароўя Карэліцкага раёна мае ўстойлівыя паказчыкі дзейнасці, што дазваляе нам займаць прызавыя месцы на вобласці і рэспубліцы.

У 2015 годзе Райцаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі стала на рэспубліцы трэцяй. У 2017 годзе Турэцкую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі на вобласці прызналі лепшай, а на рэспубліцы далі Дыплом ІІІ ступені. У 2018 годзе Малюшыцкі ФАП перамог на вобласці і ўвайшоў у лік лепшых на рэспубліцы. А летась па выніках працы Карэліцкая ЦРБ абышла калег з іншых раёнаў як на вобласці, так і на рэспубліцы. Перамогу святкавалі і ў калектыве Лукскай бальніцы сястрынская догляду, якую па выніках 2019 года назвалі лепшай на Гродзеншчыне.

Падкрэслю, што медыцынскія работнікі Карэліцкай ЦРБ разумеюць усю адказнасць за ўстойлівае функцыянаванне сістэмы аховы здароўя Карэліцкага раёна і валодаюць дастатковымі ведамі і энергіяй для вырашэння ўсіх пастаўленых перад галіной задач.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з архіва газеты “Полымя”