5 падзей тыдня вачыма намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама Вольгі Базар
- Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі назначаны 77 маладым вучоным.
Гэта выдатная навіна, бо такія заахвочванні стымулююць да далейшай работы, а вынікі, атрыманыя стыпендыятамі, маюць навуковую значнасць, а таксама выкарыстоўваюцца ў практычнай дзейнасці арганізацый і прадпрыемстваў, навучальным працэсе ва ўстановах адукацыі.
- Беларусь ужо прыняла тысячы бежанцаў з тэрыторыі Украіны.
Аб гэтым расказаў Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. У Беларусі ім даюць прытулак, ежу, працу і ўладкоўваюць дзяцей ва ўстановы адукацыі. Вельмі спадзяюся, што хутка наступіць мір і ўкраінцы змогуць вярнуцца на родную зямлю.
- Расійска-беларускі праект «Цягнік Памяці».
Праект, удзельнікамі якога з`яўляюцца дзесяцікласнікі, стартуе на тэрыторыі Беларусі 22 чэрвеня. «Цягнік Памяці» пройдзе праз Брэст, Гродна, Віцебск, Оршу, Гомель, Магілёў і фінішуе 3 ліпеня ў Мінску. На тэрыторыі Расіі ён зробіць прыпынкі ў Смаленску, Маскве, Вялікім Ноўгарадзе, Санкт-Пецярбургу. Упэўнена, што такія праекты неабходна ўвасабляць у жыццё, каб гістарычная памяць не сціралася з гадамі.
- Рэспубліканская антынаркатычная акцыя «За здаровую будучыню».
На шчасце, для нашага рэгіёна праблема наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі не актуальная, таму галоўнае, каб нашы дзеці, стаўшы студэнтамі ў вялікіх гарадах, не трапілі ў пастку наркатычнага дурману.
- Ордэн Маці для карэліччанкі.
Карэліччанка Святлана Стацэвіч, маці пецярых дзяцей, удастоена ордэна Маці. Заўсёды прыемна бачыць такія шчаслівыя моманты ў жыцці людзей. Аднак сёння ў раёне пражывае 33 сям’і, у якіх 63 дзіцяці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Хочацца, каб усе жанчыны глыбока ўсведамлялі сваю адказнасць за выхаванне дзяцей, а дзеці раслі ў шчаслівых сем’ях.
Запісала Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара