Кореличчане рассказывают, чем им запомнился уходящий 2022 год

Чым Вам запомніўся адыходзячы год?

Андрэй ШТЭЙН,

трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП «Лукі-Агра»:

— Важнай падзеяй у гэтым годзе для мяне стала сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы з нагоды Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці  ўручыў мне ордэн Пашаны. У гэтыя хвіліны мяне перапаўняў гонар за нашу Карэліччыну, родную гаспадарку, маю справу. Я працую на зямлі і гэтым ганаруся. З дня ў дзень выконваю звычайную сялянскую працу: сёлета ўносіў арганічныя ўгнаенні, працаваў на нарыхтоўцы сенажу, убіраў збожжавыя і кукурузу. І вось мая  хлебаробская праца так высока ацэнена!

Спрыяльным аказаўся гэты год і ў асабістым жыцці. У сакавіку нарадзіўся першы ўнук, яму далі цудоўнае імя Іван. Адзначу, што кожны год па-свойму прыносіць шчаслівыя сюрпрызы, і трэба быць удзячным лёсу за шчаслівыя імгненні.

Аляксандра  УТЛІК,

вучаніца 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:

— У гэтым годзе  ў маім асабістым і школьным жыцці адбылося шмат змястоўных і цікавых падзей, якія ўвайшлі ў яго светлым праменьчыкам і ўпрыгожылі жыццё рознакаляровымі фарбамі.

Я закончыла дзевяць класаў і ўпершыню здала дзяржаўныя экзамены. Па беларускай мове атрымала дзевяць балаў, па матэматыцы і рускай мове — дзясяткі.

 Я ўпершыню пабывала ў палатачным лагеры на базе ДАЛ «Вясёлка». Мне там вельмі спадабалася, сустрэла новых сяброў і проста добра адпачыла.

У гэтым годзе я пабывала на экскурсіі ў Хатыні, дзе на сабе змагла адчуць трагічныя падзеі таго далёкага часу.

Маё сачыненне на тэму патрыятызму надрукавана ў беларускім зборніку сачыненняў школьнікаў з Беларусі пад назвай «Я Радзіму люблю».

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА