У Карэліцкай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча юных чытачоў з маладой, вядомай і неардынарнай беларускай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой

Дэбютавала дзіцячая пісьменніца ў 1996 годзе на старонках часопіса “Першацвет”. Першай публікацыяй стала аўтарскае выданне “Тырэй і Эйра”, адрасаванае падлеткам. Зараз у скарбонцы яе творчасці дваццаць пяць выдадзеных у выдавецкім доме “Звязда” цікавых кніг. У 2020 годзе літаратар была адзначана прэстыжнай у пісьменніцкім асяроддзі Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Працуе настаўнікам, што, відавочна, і дапамагае ў дадатак да яе светлага таленту разгледзець дзіцячую душу, знайсці агульную мову з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Яе кніга-квэст “Ключ ад вялікай каштоўнасці” ў 2020 годзе прызнана пераможцам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”.

Завітала да юных чытачоў Карэліччыны Кацярына Хадасевіч-Лісавая, пераўвасобіўшыся ў гераіню аднайменай казкі — Гаспадыню ліловага Цмока, і ў гульнявой форме расказала юным чытачам пра сваю творчасць, пазнаёміла са сваімі добрымі і мудрымі казкамі і падарыла дзецям мора эмоцый і добры настрой.

Сустрэча прайшла на адным дыханні, школьнікі з цікавасцю сачылі за кожным словам і дзеяннем пісьменніцы, бо інтрыгу мерапрыемства стваралі казачныя героі: справядлівы Грыб Паніёлус, свавольніца Лісанька-красуня, пацешны Вухуцік з планеты Вухуція, ліловы Цмок і яго Гаспадыня. З вялікім задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у гульні “Веру ці не веру”, дзе кожны ўдзельнік атрымаў прыз. А яшчэ пісьменніца пазнаёміла рабят з самай незвычайнай кнігай “Казкі сівой даўніны”, у якую ўвайшлі тры пазнавальныя чароўныя казкі: “Вадзіца з крыніцы”, “Вілія”, “Як з’явіліся азёры”.

Сакрэт папулярнасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і яе кніг заключаецца ў тым, што яна, педагог па адукацыі, добра разумее псіхалогію дзяцей і запыты сучасных юных чытачоў. Таму ўсе кнігі, акрамя самога тэксту, утрымліваюць элементы гульні, многія змяшчаюць QR-коды, што падабаецца дзецям. Сама пісьменніца лічыць, што казкі — дзейсны сродак ад стрэсаў і стомленасці, а яшчэ яны напаўняюць нас пазітыўнай энергіяй, дапамагаюць знаходзіць выхад з няпростых жыццёвых сітуацый, даюць надзею на нечаканыя цуды, нагадваюць, што ўсё, што здараецца — да добрага, казкі падтрымліваюць веру ў шчаслівае завяршэнне любых жыццёвых перыпетый.

У завяршэнні цудоўнай сустрэчы загадчык раённай бібліятэкі Лілія Арцюх ад імя прысутных выказала шчырыя словы падзякі за цікавую і змястоўную сустрэчу і пажадала моцнага здароўя і творчых поспехаў літаратару. А ўсе жадаючыя мелі магчымасць набыць творы з подпісам аўтара.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара