“Урачыста клянуся быць адданым свайму народу”. Ваеннаабавязаныя Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў далі прысягу

З нагоды цырымоніі прыняцця ваеннаабавязанымі двух раёнаў прысягі на цэнтральнай плошчы горада Навагрудка сабралася шмат людзей. Яны прыйшлі падтрымаць тых, хто сёння пакляўся мужна і самааддана абараняць незалежнасць роднай краіны.

Першым перад прысутнымі выступіў старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі, які ў сваёй прамове адзначыў, што прыняцце воінскай прысягі — асаблівая падзея ў жыцці кожнага грамадзяніна, сапраўднага патрыёта сваёй Айчыны.

 

 

 

— Сёння, даўшы клятву на вернасць беларускаму народу на гэтым свяшчэнным для нас месцы, заўжды памятайце аб галоўным — воінскім гонары і гордасці за высокае званне абаронцы беларускай зямлі, — звярнуўся да ваеннаабавязаных Сяргей Сяргеевіч. — Ведайце, што гэта вельмі складаны абавязак, які па сілах толькі сапраўдным мужчынам. Даўшы прысягу на адданасць Радзіме, вы сталі яе абаронцамі. У нас толькі адна Радзіма, і яна даецца нам аднойчы і на ўсё жыццё. 2023 год праходзіць пад знакам міру і стварэння, і наша агульная мэта — кансалідацыя беларускага народа, умацаванне ідэі міру і стваральнай працы, як галоўных умоў развіцця дзяржавы. Дасягнуць гэтага мы можам толькі разам, праявіўшы волю і згуртаванасць, не адступаючы перад цяжкасцямі і выпрабаваннямі.

Наступным да трыбуны падышоў ваенны камісар Гродзенскай вобласці, палкоўнік Вячаслаў Раманенка, які слушна заявіў аб тым, што беларускі народ заўжды шанаваў памяць пра тыя падзеі, праз якія вымушаны былі прайсці нашы ветэраны. Не забывалі беларусы пра тых, хто склаў сваю галаву за свабоду і незалежнасць, а таксама пра тых, хто аднаўляў нашы гарады і вёскі ў пасляваенныя гады.

— Народ, які паважае і шануе сваю памяць, які перадае з пакалення ў пакаленне і ўдасканальвае свае традыцыі, — моцны народ, які развіваецца, — упэўнены Вячаслаў Уладзіміравіч.

Вячаслаў Раманенка адзначыў, што самая галоўная задача сёння — не дапусціць ваеннага сутыкнення:

— Калі кожны з тых, хто забяспечвае ваенную, эканамічную і харчовую бяспеку, будзе выконваць пастаўленыя перад ім задачы, то мы з вамі і далей будзем жыць у міры і спакоі. Кожны павінен разумець, што мір і бяспека залежыць не толькі ад людзей у пагонах.

Таксама выступоўца звярнуўся да тых, хто сёння прыняў прысягу:

— Я хачу пажадаць вам заўжды шанаваць і паважаць словы воінскай прысягі, каб вы заўсёды былі годнымі ёй, памяталі яе і забяспечвалі яе выкананне.

Благачынны цэркваў Навагрудскай акругі, протаіерэй Анатоль Герасімук благаславіў ваеннаабавязаных на добрую службу, адзначыўшы, што праваслаўная царква заўжды малілася за армію, якая выконвала свяшчэнны абавязак абароны сваёй зямлі.

Ад імя ваеннаабавязаных, якія ўпершыню прынялі воінскую прысягу, выступіў радавы Яўген Жарко, які сказаў, што сённяшні дзень у яго жыцці вельмі ўрачысты і хвалюючы.

У канцы афіцыйнай цырымоніі яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помнікаў Невядомаму салдату і воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі ў Афганістане.

Пра зборы войск тэрытарыяльнай абароны, якія праводзяцца на тэрыторыі Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, расказаў ваенны камісар Гродзенскай вобласці, палкоўнік Вячаслаў Раманенка:

— У падраздзяленні штаба асобных стралковых батальёнаў прынята больш за сто чалавек. Зусім нядаўна ваеннаабавязаныя правялі вучэбную стральбу з замацаванай асабістай зброі і паказалі выдатныя вынікі. Зараз з імі праводзяцца заняткі тэарэтычнай і практычнай накіраванасці для таго, каб яны маглі аднавіць і ўдасканаліць свае навыкі. Я ўпэўнены, што прызваныя ваеннаабавязаныя зробяць усё неабходнае для таго, каб пастаўленыя перад імі задачы былі выкананы, пасля чаго хлопцы вярнуцца дадому і пачнуць жыць звычайным жыццём. Гэты перыяд для іх вельмі важны, бо яны змогуць у складзе падраздзяленняў падрыхтавацца і выканаць ускладзеныя на іх задачы.

Адным з тых, хто сёння даў прысягу на вернасць Радзіме, стаў галоўны энергетык ААТ “Карэлічы-Лён” Мікалай Кавалевіч.

— Сёння вельмі запамінальны дзень, — кажа Мікалай Аляксандравіч. — Сёння я прымаў прысягу трэці раз. Першы быў у далёкім 1985 годзе, калі я паступаў у ваеннае вучылішча. Затым, у 1997 годзе,  я прымаў расійскую прысягу службовай асобы мытнага органа. І вось нарэшце я прыняў воіскую прысягу на адданасць Рэспубліцы Беларусь, чым вельмі ганаруся.

— Як праходзяць зборы?

— Зборы праходзяць вельмі добра. Усё падабаецца. Успамінаю маладосць у ботах, — усміхаецца Мікалай. — З намі праводзяць тэарэтычныя і практычныя заняткі, мы ўдасканальваем навыкі стралковай і баявой падрыхтоўкі. Усё выдатна.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара