Секрет долголетия: пенсионерка из Кореличского района шьет оригинальные жилетки и держит большое хозяйство

Многія прадстаўнікі сталага ўзросту сцвярджаюць, што жыццё на пенсіі толькі пачынаецца. Яны вядуць актыўны лад жыцця, знаходзяць сабе занятак па душы і атрымліваюць задавальненне.

Наталля Міхайлаўна Крывапуст з вёскі Горныя Руткавічы Малюшыцкага сельсавета ведае цану жыцця на заслужаным адпачынку, пра што паведала падчас сустрэчы.

— Наталля Міхайлаўна, адкуль Вашы карані? Як прыжыліся на малюшыцкай зямлі?

— Нарадзілася ў вёсцы Горныя Руткавічы. Вучылася ў Гродзенскім ДПТВ № 74 абутнікоў. Пасля яго заканчэння працавала на Баранавіцкай абутковай фабрыцы. Калі выйшла замуж, абраннік жыцця вярнуў мяне на радзіму. Пражылі з ім сорак два гады. Зараз імкнуся не сумаваць на пенсіі, заўсёды знаходжу занятак.

— Што ці хто найбольш сагравае душу?

— Вядома, дзеці. Іх у сям’і было чацвёра. На жаль, сына Мікалая не стала. Дочкі працуюць у Карэлічах: Вольга — сацыяльным работнікам, Марына — у гандлі. Сын Андрэй — вадзіцель мясцовай гаспадаркі. Адным словам, усе прыжыліся на роднай Карэліччыне. Для мяне яны — апора і падтрымка ў жыцці, радуюць сем унукаў і адзін праўнук.

— З аднавяскоўцамі стараецеся ладзіць?

— Я з’яўляюся старастай вёскі Горныя Руткавічы. Гэта, як вядома, звязуючае звяно паміж сельскімі жыхарамі і мясцовай уладай. У вёсцы жыве васямнаццаць чалавек, у летні перыяд гэты спіс дапаўняюць дачнікі. Найчасцей прыходзіцца вырашаць пытанні дастаўкі паліва і правядзення сустрэч са святарамі з нагоды праваслаўных свят.

— Паведайце, калі ласка, пра захапленні,  якія сталі сэнсам жыцця.

— Хачу ўспомніць пра свой любімы занятак, якому ў свой час прысвяціла шмат гадоў. Я пякла караваі — і яны адпраўляліся ў Брэст, Мінск, Гродна, Навагрудак, Карэлічы, навакольныя вёскі.

Зараз любімым хобі з’яўляецца шыццё камізэлек і падушачак. Камізэлькі шыю для ўсёй сям’і. Матэрыялы для будучых рэчаў купляю ў Навагрудку і Баранавічах. Шыю іх на швейнай машынцы, якая засталася  ў спадчыну ад свекрыві. Памочніца адслужыла шмат гадоў і прадаўжае служыць у любімай справе.

— Чым яшчэ займаецеся з задавальненнем?

— Вясковы чалавек з ранку да вечара ўвесь у клопатах. Гэтую  звычку няпроста пакінуць з гадамі ды не трэба гэтага рабіць. Пры дапамозе дзяцей прадаўжаю трымаць асабістую гаспадарку: конь, трусы, куры, свінні, козы. Люблю ўвіхацца  на агародзе: саджу моркву, цыбулю, часнок, агуркі, каляндру, кроп, бульбу.

— Скажыце, якім Вы назвалі б жыццё на засужаным адпачынку?

— Жыццё залежыць ад чалавека, яго жаданняў, імкненняў, настрою. Што да мяне, не магу сядзець склаўшы рукі. Люблю, як гаворыцца, варушыцца, быць пастаянна ў руху і клопатах,  зносінах з людзьмі.  Жыццё на пенсіі будзе такім, якім  чалавек яго створыць.

— Існуе меркаванне, што дабрыня выратуе свет. Якое стаўленне ў Вас да гэтай высновы?

— Я стараюся людзей не крыўдзіць, не абгаворваць, не сварыцца з імі. «Дзеткі, прыслухоўваецеся да таго, аб чым чалавек гаворыць, і калі аб чым просіць, то дапамажыце яму», — нагадваю пастаянна ім. Немаўлят пахрысціла ў адной распашонцы — і дзеці выраслі дружнымі паміж сабою і добрымі па характары. Пераканана, што людзей трэба пачуць і дапамагчы ім, адносіцца да акружаючых з ласкай і дабрынёй. Нездарма гавораць у народзе: «Як ты да людзей, так і яны для цябе».

— У Вас ёсць пажаданні?

— Кожная маці ўсё аддала  б дзеля таго, каб дзеці былі здаровымі. Вось гэтага зычу сваім, як і вялікага шчасця. Хочацца, каб усё ў іх ладзілася, і каб з гадамі  яны не згубілі дабрыню сваіх сэрцаў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ