Кореличские выпускники приняли участие в республиканском «Последнем звонке»

У Лідзе прайшло рэспубліканскае свята “Апошні званок”, якое аб’яднала лепшых выпускнікоў з усёй краіны. Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся з цырымоніі ўскладання кветак да падножжа Кургана Бяссмерця. Герояў Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання, пасля чаго калона накіравалася да сцен Лідскага замка, дзе прайшлі ўрачыстая лінейка і ўзнагароджанне лепшых выпускнікоў 2023 года ў некалькіх намінацыях. Пасля афіцыйнай часткі свята рабяты адправіліся ў Лядовы палац, дзе для іх была арганізавана канцэртная праграма. У завяршэнне вечара неба над Лідай асвяціў святочны феерверк.

Карэліччыну на мерапрыемстве прадстаўлялі выпускнікі СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Ангеліна Стэльмах, СШ №1 райцэнтра Данііл Ліпскі і Аляксей Пахольчык з СШ №2.

Ангеліна, калі яна даведалася, што адправіцца на рэспубліканскі «Апошні званок», прыемна здзівілася:

— Спачатку я падумала, што ў школе ёсць шмат іншых вучняў, годных паехаць на такое важнае мерапрыемства. Аднак потым зразумела, што трэба радавацца такой магчымасці.

Выпускніца кажа, што свята ёй спадабалася, асабліва запомніўся святочны салют.

Данііл распавядае, што свята атрымалася проста выдатным, было арганізавана цікавае прадстаўленне ў Лідскім замку, захапляльныя мітынг і шэсце, прыгожы салют. Юнак кажа, што адчувае гонар за тое, што прадстаўляць Карэліччыну на гэтым мерапрыемстве.

— Класны кіраўнік сказаў, што я паеду на «Апошні званок», і ўсе аднакласнікі апладзіравалі. Было вельмі прыемна, — прызнаецца хлопец.

— Уражанні пасля свята вельмі добрыя, — дзеліцца Аляксей Пахольчык. — Вельмі спадабалася шэсце. Мы ішлі па горадзе, вакол было шмат людзей, прадстаўленні, жывая музыка. Было прыемна нават проста прагуляцца па вуліцах.

Юнаку вельмі спадабалася канцэртная праграма, арганізаваная ў Лядовым палацы:

— Прыняць удзел у такім свяце можа не кожны, таму я ўдзячны школе за такую выдатную паездку.

Сяргей СТОЛЯР