У Мірскім каледжы ўшанавалі пераможцаў конкурсу прафмайстэрства ProfSkills Belarus-2023

23 мая ва ўстанове адукацыі “Мірскі дзяржаўны каледж” прайшла ўрачыстая лінейка, на якой ушанавалі ўдзельнікаў і пераможцаў V Рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства ProfSkills Belarus-2023.

Пад гукі Дзяржаўнага гімна краіны прызёр конкурсу Марк Дзмітровіч і яго ўдзельнікі Мікіта Сіцько і Ілья Сцепанчук узнялі Дзяржаўны сцяг Беларусі.

Са словамі віншавання навучэнцам і педагогам выступіла дырэктар каледжа Наталля Кадлубай, якая адзначыла, што ўдзел у конкурсе такога высокага ўзроўню дазваляе высветліць многія асабістыя і прафесійныя якасці тых, хто рызыкнуў прыняць у ім удзел: мэтанакіраванасць, сабранасць, і, нарэшце, таленавітасць.

– Вы даказалі, што многае можаце ў жыцці і прафесіі, валодаючы гэтай мнагазначнай таленавітасцю. Я віншую вас з поспехам. Хай поспех стане вашым галоўным спадарожнікам у жыцці!

Асаблівыя словы ўдзячнасці Наталля Леанідаўна выказала майстрам вытворчага навучання Яўгену Чэрніку, Аляксею Якубоўскаму і Аляксандру Белановічу, якія падрыхтавалі навучэнцаў і годна паўдзельнічалі у якаці экспертаў, а таксама, Івану Іванавічу Лясько і Наталлі Мікалаеўне Сямашка, якія таксама прыклалі нямала намаганняў да падрыхтоўкі навучэнцаў.

Дырэктар уручыла Дыпломы ўстановы адукацыі пераможцам і ўдзельнікам конкурсу.

Са словамі прывітання і захаплення прафесіяналізмам і працавітасцю педагогаў і навучэнцаў Мірскага каледжа звярнулася старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская. Лідар прафсаюзаў уручыла пераможцам і ўдзельнікам прэстыжнага спаборніцтва Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі ад Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Напрыканцы ўрачыстасці слова трымаў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце УА “Мірскі дзяржаўны каледж” Канстанцін Перыман.

– Такія знакавыя падзеі сімвалічныя. Яны паказваюць, наколькі моцныя традыцыі майстэрства. Прыемна, што мы разам, выкладчыкі і навучэнцы, нясём з гонарам свае дасягненні ў імя працвітання нашай любімай Беларусі, нашай магутнай і сапраўды народнай дзяржавы, – заключыў прамоўца.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара