Как получить материальную помощь для подготовки к школе

З 1 жніўня шматдзетныя сем’і ў Беларусі могуць атрымаць матэрыяльную дапамогу для падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Як яе атрымаць і ў якім памеры, высветліла карэспандэнт газеты “Полымя”.

З мэтай падтрымкі шматдзетных сем’яў у Беларусі рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў: забеспячэнне жыллём, ільготнае крэдытаванне, дапамогі на дзяцей, адрасная сацыяльная дапамога, сацыяльнае абслугоўванне сям’і і іншае. Метадыст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Юлія Шэўка адзначыла:

– У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Здароўе і дэмаграфічная бяспека” на 2021-2025 (са зменамі і дапаўненнямі ад 20.04.2022 г. № 237) прадугледжана выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да новага навучальнага года сем’ям, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей. На кожнае дзіця, якое навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі), у Рэспубліцы Беларусь выплачваецца 30% пражытачнага мінімуму, які дзейнічае на 1 жніўня каляндарнага года.

Узрост кожнага дзіцяці, які ўлічваецца ў складзе сям’і, не павінен перавышаць 18 гадоў па стане на 31 жніўня 2023 года. Выплата дапамогі не ажыццяўляецца на дзяцей, якія навучаюцца ў прафесійна-тэхнічных, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Атрымаць падтрымку ад дзяржавы можна пасля афармлення адпаведнай заявы і прадастаўлення шэрагу дакументаў ва ўстанову адукацыі:

– заява ад законнага прадстаўніка непаўналетняга;

– копія пасведчання шматдзетнай сям’і;

– даведка са школы, у якой указана, у якім класе будуць вучыцца дзеці;

– даведка аб месцы жыхарства і складзе сям’і.

Акрамя таго, варта памятаць, што на першакласнікаў і навучэнцаў 10-х класаў матэрыяльная дапамога будзе налічвацца пасля 1 верасня, калі дзяцей залічаць у школу.

Даведачна:

Дакументы на дзяцей са шматдзетных сем’яў (на першакласнікаў і навучэнцаў 10-х класаў) прымаюцца пасля залічэння іх у школу.

Для іншых катэгорый сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, заканадаўствам прадугледжана сістэма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе аднаразовых і штомесячных сацыяльных дапамог на набыццё абутку, адзення і школьных прылад. Зварот за прадастаўленнем гэтага віду матэрыяльнай падтрымкі носіць заяўны характар і ажыццяўляецца шляхам падачы па зацверджанай форме заявы і дакументаў, неабходных для прадастаўлення дапамогі.

За кансультацыяй неабходна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама па тэл. 21-3-57.

Кацярына КУКАНАВА