Першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Бусько: «Рапс — гэта грошы для сялян»

У Карэліцкім раёне ў 2022 годзе чысты прыбытак ад рэалізацыі насення рапсу вырас у два разы і склаў 4,3 млн рублёў супраць 2 млн рублёў у 2021 годзе. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Бусько.

СКАЗАНА
«Рапс — гэта грошы для сялян. Сёння нават у перыяд гэтых шалёных санкцый Еўропа просіць: «Дайце рапсавы алей!» Трэба выходзіць на мільён. Мы ўжо сёння больш за 700 тыс. маем. Нават з гэтымі пасяўнымі плошчамі, што ў нас ёсць, калі так тэхналагічна гаспадарыць, мы будзем мець мільён. Вось тэма. Гэта павінна пераламаць сельскую гаспадарку. Таму быць азімаму ячменю і быць рапсу», — упэўненасць у гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць у чэрвені мінулага года.

У 2022 годзе ў Карэліцкім раёне атрымана 14,2 тысячы тон насення рапсу, што на 71% больш, чым у 2021-м. У трох сельгаскааператывах раёна: «Свіцязянка-2003», «Жухавічы» і «Маяк-Заполле» — пайшлі яшчэ далей, яны не проста прадаюць насенне гэтай маслічнай культуры, а перапрацоўваюць яго, атрымліваючы рапсавы алей і жмых для кармлення дойнага пагалоўя. Так, у СВК «Свіцязянка-2003» за год атрымліваюць 1200 тон рапсавага жмыху, што практычна цалкам задавальняе патрэбы жывёлагадоўлі. Рапсавы жмых станоўча ўплывае на якасць і колькасць малака. У «Свіцязянцы” за 2022 год валавы надой на адну карову павялічыўся на 797 кг і склаў 11 268 кг. Пры гэтым 99,4% малака ў гаспадарцы рэалізуецца гатункам “экстра”. Акрамя таго, вырабляць гэты важны кампанент камбікорму ў сябе больш чым у два разы танней, чым купляць яго ў іншага вытворцы. Прыбытак ад рэалізацыі рапсавага алею ў свіцязянскіх аграрыяў у 2022 годзе вырас у 1,5 раза і склаў 897 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць роўная 87%. Як бачна, нездарма рапс называюць чорным золатам.

Гэта цікава
Рапсавы алей называюць «паўночным аліўкавым», паколькі па ўтрыманні алеінавай кіслаты ён не саступае аліўкаваму. Для здароўя чалавека рапсавы алей карысны гэтак жа, як і марская рыба, рыбін тлушч, незаменныя амінакіслоты. На аснове рапсу вырабляецца не толькі рафініраваны ачышчаны харчовы алей, але і маргарын, маянэзы, нават крэм-мыла, а таксама гаспадарчае, лазневае і дзіцячае мыла, іншыя віды прадукцыі. Акрамя таго, рапсавы алей выкарыстоўваецца ў кандытарскай справе. Кулінарыя — далёка не адзіная вобласць прымянення рапсавага алею. Яго выкарыстоўваюць у медыцыне, касметалогіі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Гэта добрая аснова многіх змазачных матэрыялаў. З рапсу ствараюць экалагічна чыстае паліва — біядызель. Гэта значыць, вырошчваючы гэтую культуру, можна забяспечыць краіну і харчаваннем, і палівам, і сыравінай для прамысловасці.

Іна ЛЕЙКА