В Кореличах отпраздновали День народного единства (+ видео)

Маладое свята – Дзень народнага адзінства – ужо па значнасці стала на адзін узровень з такімі фундаментальнымі датамі нашай дзяржаўнасці, як Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Прынятае Кіраўніком дзяржавы рашэнне было вывераным і правільным. Сапраўды, уз’яднанне Беларусі 17 верасня 1939-га  – эпахальная падзея, якая здолела аб’яднаць нашу нацыю і паставіць яе на шлях развіцця. У раёне гэтай даце ўдзяляецца вялікая ўвага. Не першы год да Дня народнага адзінства падыходзім шэрагам знакавых мерапрыемстваў. Галоўнае пры гэтым – водгук, якія яны знаходзяць у сэрцах нашых людзей.

15 верасня старт святочным мерапрыемствам дала экскурсія па выставачнай зале Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці     “Традыцыі продкаў”. Яна была арганізавана і праведзена для маладых спецыялістаў раёна.  Загадчык аддзела рамеснай дзейнасці Карэліцкага дома рамёстваў Юлія Баярэнка расказала прысутным пра  сабраныя экспанаты выставы. Асаблівую ўвагу звярнула на калекцыю сялянскага касцюма, які насілі ў Карэлічах у пачатку ХХ стагоддзя, засяродзіла ўвагу  на вырабах з саломкі, гліны і дрэва. Усе жадаючыя мелі магчымасць набыць сувеніры на памяць аб сённяшнім дні.

На першым і другім паверсе раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці працавала выстаўка-прэзентацыя “Беларусь. Радзіма. Адзінства”. На ёй  прадстаўлены дасягненні арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Сваю дзейнасць прэзентавалі дзеючыя раённыя партыі  “Белая Русь” і Камуністычная.  Старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Аляксей Караян правёў гістарычны экскурс па выставе “Цяжкі шлях уз’яднання”.

У 2022 годзе было прынята рашэнне стварыць Алею Славы Карэліцкага раёна, дзе будзе захавана памяць пра людзей працы, тых, хто пакінуў неацэнны след у сацыяльна-эканамічным развіцці нашага раёна ў розныя гістарычныя перыяды. Сёлета гэта традыцыю  працягваецца. Алея Славы папаўняецца партрэтамі новых людзей, імёны якіх занесены ў Кнігу Славы нашага раёна і Гродзенскай вобласці. Гэта дырэктар Мірскага спіртзавода Іван Адамавіч Хоміч, звеннявая па лёне калгаса імя Чарняхоўскага Ніна Сцяпанаўна Свірыд, механізатар  калгаса  імя Царука Браніслаў Іванавіч Крывіцкі, педагог, лаўрэат  прэміі Гродзенскага абласнога Савета жанчын Галіна Паўлаўна Калтунова, настаўнік біялогіі ўстановы адукацыі “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” Ганна Канстанцінаўна Шклярж, старшыня раённага Савета дэпутатаў Лідзія Іосіфаўна Нагорная, урач-педыятар Карэліцкай ЦРБ Кацярына Ціханаўна Ушкевіч,  удзельнік Вялікай Айчыннай вайны,  дырэктар Мірскай школы Анатоль Канстанцінавіч Цобкала, ветэран працы, вучоны аграном, эканаміст, старшыня калгаса “Маяк” Станіслаў Валяр’янавіч Лычкоўскі, старшыня калгаса “Ленінскі шлях” Іван Міхайлавіч Паўловіч, вучоны аграном, старшыня калгаса  імя Царука Васіль Васільевіч Бар’яш, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР Іван Сцяпанавіч Барыскін,  урач-хірург Карэліцкай ЦРБ Валерый Аляксандравіч Жарскі, урач акушэр-гінеколаг Карэліцкай ЦРБ Ганна Аляксандраўна Жарская, старшыня калгаса імя Чарняхоўскага Уладзімір Максімавіч Сатыга, старшыня СВК ”Свіцязянка-2003” Уладзімір Арсенцьевіч Галавач, старшыня ДП “Лукі-Агра” Мікалай Аляксандравіч Гавіна,  старшыня  СВК ”Жухавічы” Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі.

Гэтыя людзі – наш гонар, прыклад для пераймання, нагода ставіць высокія мэты і праслаўляць свой край. Мы павінны быць іх годнымі пераемнікамі, прадаўжальнікамі закладзеных імі здзяйсненняў.

Слова трымае  старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў.

— Сёння мы адзначаем Дзень народнага адзінства – свята імкнення беларусаў жыць адной сям’ёй ва ўласным доме, пераемнасці пакаленняў, непахіснасці дзяржаўнасці і беларускай нацыі. Ён вяртае нас да гістарычнай даты 17 верасня 1939 года, калі адбылася лёсавызначальная падзея ў гісторыі беларускага народа – уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі.

Палова этнічнай тэрыторыі Беларусі супраць волі беларускага народа была ўключана ў склад Польшчы. Калі б не падзеі верасня 1939-га, для беларусаў існавала рэальная пагроза праз два-тры пакаленні ператварыцца ў знікаючую этнічную меншасць, пазбаўленую нацыянальнай эліты, магчымасці нацыянальна-культурнага развіцця і тым больш нацыянальна-дзяржаўных перспектыў.

На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў беларускае насельніцтва  вяло ўпартую барацьбу супраць чужой польскай улады, адстойваючы тэрытарыяльнае, нацыянальнае, духоўнае і культурнае аб’яднанне беларускага народа. У нацыянальна-вызваленчым руху  ўдзельнічалі і многія жыхары Карэліцкага раёна. Іх імёны назаўсёды ўвекавечаны ў назвах вуліц, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Сучасныя рэаліі прымусілі ўспомніць аб далёкіх старонках гісторыі, каб не паўтарыць памылак і не страціць незалежнасць і адзінства. Чым больш мы будзем ведаць аб нашым мінулым, тым менш застанецца непаразуменняў і рознагалоссяў.  Асабліва сёння, калі з’явіліся спробы дэзарыентаваць грамадства, парушыць адзінства беларускага народа.

Дзень народнага адзінства – падзяка сучаснікаў папярэднім пакаленням, якія адстаялі права самім вызначаць свой лёс. У гэты святочны дзень мы працягваем высакародную справу,   пашыраем алею Славы Карэліцкага раёна, адкрываем памятныя шыльды ў гонар нашых землякоў,  імёны якіх занесены ў Кнігу Славы. Іх жыццё і працоўныя заслугі з’яўляюцца яркім прыкладам для маладога пакалення.

Патрыятызм і высокі ўзровень грамадзянскай адказнасці, вера, працавітасць, адвага, адкрытасць і ўзаемадапамога, павага да людзей і традыцый ва ўсе часы былі візітнай карткай беларусаў і дапамагалі пераадольваць цяжкасці, якія ўставалі на шляху. Нам ёсць чым ганарыцца ў мінулым, сучаснасцю, і мы разам працягваем свой шлях да новых вяршыняў і яркіх перамог, якімі будуць ганарыцца нашы нашчадкі.

Да мікрафона запрашаецца Лідзія Іосіфаўна Нагорная, чыё імя папоўніла Алею Славы. У сваёй прамове былы старшыня раённага Савета дэпутатаў  адзначыла,  што для яе асабіста  вялікі гонар прысутнічаць зараз тут і ад імя тых, хто за бездакорную і шматгадовую працу, накіраваную на росквіт, дабрабыт роднай зямлі, заслужыў такой вялікай пашаны, выказаць словы  ўдзячнасці мясцовай уладзе за тое, што ў паўсядзённым імклівым жыцці на першым месцы – клопат і павага да старэйшага пакалення, імкненне выхоўваць у моладзі пашану да Чалавека працы. Выступаючая адзначыла:

— Сімвалічна, што прадаўжэнне Алеі Славы прымеркавана да свята, значнага для кожнага беларуса, – Дня народнага адзінства. Мы, дзеці ваеннага і пасляваеннага ліхалецця, гэта добра ведаем і як ніхто разумеем: сіла Беларусі ў адзінстве, якое дапамагло перамагчы фашысцка-нямецкіх захопнікаў, акрыяць пасля разбуральнай вайны, ператварыць любімы край у незалежную, квітнеючую, моцную дзяржаву, выстаяць у складаныя хвіліны, калі жывыя “добразычліўцы” спрабавалі сфабрыкаваць на нашай зямлі крывавы Майдан, ліквідаваць спакой і шчасце.

Асобна Лідзія Іосіфаўна звярнулася да моладзі:

–  Умейце цаніць сапраўднае шчасце, у аснове якога не лёгкія грошы, а радасны смех дзяцей, залатая збажына палёў, ласкавы погляд матуліных вачэй, цеплыня бацькоўскага дома. Памятайце, ад вас залежыць будучае Радзімы, будучае вашых дзяцей і ўнукаў! Прымнажайце поспехі роднага краю, умейце ганарыцца тым, што здабыта працавітымі рукамі вашых дзядоў і бацькоў!

Прамоўца павіншавала ўсіх прысутных з надыходзячым святам і пажадала міру, шчасця, сонечных усходаў і ласкавых заходаў.

Героі сённяшняга дня атрымалі каштоўныя падарункі і кветкі ад прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Госці мерапрыемства і жыхары Карэліччыны прынялі ўдзел  у мітынгу “Помніць імёны герояў”.

Гэты дзень вяртае нас да гістарычнай даты 17 верасня 1939 года, калі адбылася лёсавызначальная падзея ў гісторыі беларускага народа – уз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР. Народ упершыню атрымаў шанс пабудаваць уласную дзяржаву на сваёй гістарычнай зямлі, таму 17 верасня – пункт  адліку новай гісторыі адзінага беларускага народа.

Ураджэнцы Карэліцкага раёна таксама прымалі ўдзел у тых даўніх гістарычных падзеях. Мы ганарымся імёнамі Паўла Жалезняковіча, Сымона Носа, Кацярыны Главінскай, Зінаіды Шэўкі, Уладзіміра Карася і многіх іншых.

І сёння мы аддаём даніну памяці нашаму земляку, удзельніку рэвалюцыйнага руху, сакратару Карэліцкага падпольнага райкама Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі Мікалаю Пятровічу Арцюху.

Удзельнікі ўрачыстасці ўсклалі кветкі да помніка падпольшчыка.

 

Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці  аб’яднаў жыхароў райцэнтра  на святочным канцэрце Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя Росы”.

 

 

Кацярына КУКАНАВА

Фота Іны ЛЕЙКІ

Відэа Сяргея СТОЛЯРА і Дар’і ВАРАПАЕВАЙ