Ветераны труда из Кореличского района приняли участие в «Новогоднем огоньке» с участием председателя Гродненского облисполкома Владимира Караника

3 студзеня ў г. Гродна стартавала дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”. Ад Карэліцкага раёна ва ўрачыстасці “Навагодні агеньчык” з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка прынялі ўдзел навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, сакратар КПБ Марыя Беленава, старшыня Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі Валянціна Кошур і былы сакратар Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі ГалінаУльянка.


Ініцыятарам правядзення акцыі ”Ад усёй душы” ў 2023 годзе стаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Арыентавана яна на пажылых людзей. Людзям паважанага ўзросту важна ўвага з боку маладога пакалення.
Адным з мерапрыемстваў, якія далі старт ініцыятыве, стала ўрачыстасць, праведзеная 3 студзеня ў г. Гродна. У сваім звароце да прысутных старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік павіншаваў жыхароў залатога ўзросту, якія ўнеслі асабісты ўклад у росквіт роднай зямлі. Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што гэта людзі вопытныя, якія вельмі шмат зрабілі як для сваіх прадпрыемстваў, так і ў цэлым для вобласці:
— Па стане здароўя, па ўзросце яны адышлі ад актыўнай працоўнай дзейнасці, але гэта не значыць, што ім няма чаго сказаць, няма чым падзяліцца. Тут пытанне нават не ў тым, каб падзяліцца вопытам, а сказаць словы падзякі і яшчэ раз паспрабаваць словам і справай даказаць, што для нас важны кожны чалавек. У нашай краіне вельмі шмат робіцца, каб не было адзінокіх пажылых, каб ніхто не жыў у холадзе, голадзе, небяспечных умовах. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы: сацыяльныя ўстановы кругласутачнага знаходжання, дапамога на даму. Але адна справа стварыць бяспечныя ўмовы працы і задаволіць мінімальныя фізіялагічныя, сацыяльныя патрэбы. Іншая справа – пайсці далей і стварыць адчуванне свята. У сілу нейкіх абставінаў людзі засталіся без сваякоў, але мы павінны даказаць, што нам важны кожны чалавек, і мы імкнёмся, каб свята было для ўсіх. Каб адчуванне свята, навагодняга цуду было не толькі ў нашых дзяцей, але і ў кожнага грамадзяніна, у людзей старэйшага ўзросту, каб яны маглі вярнуцца ў дзяцінства, успомніць свае сямейныя святы, яшчэ раз акунуцца ў атмасферу Новага года.
Акцыя праходзіць у некалькі этапаў. З 26 снежня яе ўдзельнікі аказвалі дапамогу пажылым грамадзянам у падрыхтоўцы да Новага года, ва ўборцы кватэр і прыдамавых тэрыторый, у закупцы і дастаўцы прадуктаў харчавання і неабходных тавараў, у арганізацыі святочнага стала і вырабе навагодніх сувеніраў, ёлачных цацак, віншавальных паштовак.
10 студзеня пройдуць фестывалі мастацкай творчасці пажылых грамадзян, а на наступны дзень – танцавальныя мерапрыемствы, уключаючы абласны баль “Чараўніцтва каляднага балю” на базе дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Музей-сядзіба М.К. Агінскага” ў аграгарадку Залессе. 12 студзеня адбудуцца віншаванні валанцёрамі грамадзян, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах і аддзяленнях кругласутачнага знаходжання ў рамках праекта “Роўны роўнаму”. Акрамя гэтага, запланаваны працоўныя дэсанты, святочныя вечары, дабрачынныя акцыі, экскурсіі, сустрэчы, спектаклі, марафоны, інтэрнэт-эстафета і многае іншае.
Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзялілася Валянціна Кошур:
– Навагоднія святы для мяне як імкненне да наступнага, новага этапу. Яны ўсяляюць радасць і аптымізм, таму што я жыву і магу яшчэ нешта карыснае зрабіць для людзей. Акцыя «Ад усёй душы» адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў, калі старэйшыя перадаюць веды і вопыт маладым, яна спрыяе ўмацаванню адзінства нашай дзяржавы. Увогуле атрымалася вельмі цікавае і насычанае мерапрыемства, якое падарыла добры настрой і яркія эмоцыі. Прысутныя ў зале ва ўтульнай хатняй атмасферы ўспаміналі маладыя гады, дзяліліся сапраўдным і планамі на будучыню. Прагучала мноства цёплых слоў у адрас людзей паважанага ўзросту ад кіраўніцтва рэгіёна. Прыемна, што дзяржава праяўляе адчувальны клопат пра розныя групы насельніцтва.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара