Учащаяся Мирского государственного колледжа Анастасия Ажгиревич стала победителем республиканского патриотического конкурса «Наследие»

У Мінску ў студыі тэлеканала “СТБ” узнагародзілі пераможцаў рэспубліканскага патрыятычнага конкурсу “Спадчына”, які праходзіў па ініцыятыве РГА “Белая Русь”. Сярод пераможцаў — навучэнка УА “Мірскі дзяржаўны каледж” Анастасія Ажгірэвіч, якая прадставіла на суд журы праект, прысвечаны франтавым пісьмам ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Аляксеевіча Жахаўца.

На конкурс навучэнцы і супрацоўнікі сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі краіны прадставілі каля сотні работ.

— Мая даследчая работа ўваходзіць у зборнік праектаў, створаных на базе нашага каледжа, — расказвае Анастасія. — Увесь праект прысвечаны лёсу чалавека ў гісторыі малой радзімы. Франтавыя пісьмы, з якімі я працавала, захоўваюцца ў нашым музейным пакоі. Іх нам перадаў былы выпускнік каледжа Аляксей Жахавец, унук ветэрана Уладзіміра Жахаўца.

Анастасія расказвае, што ёй было вельмі цікава вывучаць гэтыя лісты і даведацца, як раскрываецца чалавек у тыя напружаныя моманты, калі не ведаеш, што будзе заўтра.

— Ці складана было працаваць з гэтымі пісьмамі?

— Я эмпатычны чалавек, які вельмі ярка адчувае эмоцыі другіх людзей. Калі чытаеш гэтыя лісты, літаральна пагружаешся ў гісторыю, уяўляеш, як іх аўтар сядзеў у акопе, выводзіў кожнае слоўца і не ведаў, ці дойдзе пісьмо адрасату, ці будзе адказ, хваляваўся за сваю сям’ю. У выцвілых ад часу радках вельмі яскрава раскрываюцца ўсе пачуцці Уладзіміра Аляксеевіча: хваляванне за сваіх блізкіх, удзячнасць тым, хто дапамагае яго сям’і.

Працаваць над даследчай работай Анастасіі дапамагала куратар групы Святлана Мікалаеўна Галавач. Абарона работы праходзіла ў Мінску, дзе канкурсантаў падзялілі на секцыі. Кожны прадстаўляў свой праект перад журы:

— Зразумела, перад абаронай я вельмі хвалявалася, перажывала, ці змагу годна прадставіць сваю работу. Я лічу, што яна вельмі важная, бо дазваляе ўбачыць вайну не праз скупыя зводкі тагачаснага інфармбюро, не праз сухія лічбы статыстыкі, а праз пачуцці канкрэтнага чалавека. Але хваляванне прайшло, і ў мяне ўсё атрымалася. У выніку — першае месца.

Спадзяемся, што першае месца на гэтым конкурсе стане першым у шэрагу іншых перамог Анастасіі.

Дня 3 марта 1945 г.

Письмо на родину от Вашего отца Жаховца Владимира. К своему сыну Феню. Сообщаю я Вам, дорогой сынок, что я пока жив и здоров, нахожусь в Германии на фронте. Письмо я Ваше получил и фото, которое вы писали 16 февраля, очень благодарю. Я много чего узнал из вашего письма, что Митя и Васик забраны у войска и что вам Павлина дала жаробачку, и что Вы имеете у себя кабана большого. Я Вам выслал военное удостоверение на 45-й год. Мне посылок не надо, я всем доволен. Мне ничего не надо. Молитесь Богу, чтобы я с вами увиделся. Карточки фотографические не пришлю, нет где сняться, в окопах нет фотографа. Я узнал про ваши цены, сколько что стоит. Пишите про Игнася, как ему живется и его адрес. У нас уже становится тепло, зимы нет. Спасибо шурину Василию, что он утрес ботики моим сиротам.

Сяргей СТОЛЯР

Фота Веранікі ВАЙНІЛОВІЧ