Кореличские предприниматели рассказали, как построить бизнес в сельской местности

Ёсць меркаванне, што сямейны бізнес — рэч недаўгавечная, а адпачываць адзін ад аднаго мужу з жонкай трэба на рабоце. На Карэліччыне жывуць сужэнцы, якія насуперак гэтай логіцы вядуць сумесную справу ўжо 24 гады.

У пачатку 2000-х гадоў Андрэй і Наталля Шынкевічы з вёскі Лясок Красненскага сельскага Савета вырашылі заняцца гандлем. Сёння пад іх началам працуюць тры рознічныя прадуктовыя магазіны. Акрамя гэтага, прадпрымальнікі робяць спробы развіцця агратурызму, прадастаўляюць арэнду банкетнай залы для правядзення рознага роду ўрачыстасцяў.

Андрэй і Наталля Шынкевічы

У гутарцы з карэспандэнтам раённай газеты “Полымя” сужэнцы расказалі, як ім удалося запусціць бізнес і маштабіравацца.

Да таго, як Андрэй і Наталля адкрылі сваю справу, кожны з іх займаўся тым, што было да душы. Яна працавала ў г.п. Карэлічы ў Беларусбанку, а ён пачынаў тэхнолагам на малым прадпрыемстве “Райца”. У 1998 годзе маладыя людзі стварылі сям’ю, якая хутка папоўнілася нашчадкамі.

— Час быў няпросты. Пачыналася ўсё з таго, што трэба было неяк зарабляць. Мы маладыя, поўныя сіл і энергіі, нарадзілася дачушка, грошай не хапала, дапамагаць нам асабліва не было каму, а жыць хацелася так, каб і сябе запяспечыць, і ў дзяцей усё было. Вось і вырашылі: раз ужо лёс даў нам магчымасць разам карміць сям’ю, трэба нешта думаць, — расказалі суразмоўцы і дадалі: — Спачатку па ўзгадненні з райвыканкамам каля аўтавакзала ў г.п. Карэлічы з’явіўся адзін наш прадуктовы кіёск, а з цягам часу іх ужо стала пяць. Па пятніцах гандлявалі на карэліцкім рынку.

На пытанне, чаму аддалі перавагу продажу прадуктаў харчавання, сужэнцы адназначна адказалі, што гэта, на іх думку, самы абаротны бізнес.

Ішоў час, маладыя прадпрымальнікі ўсё мацней станавіліся на ногі і ў 2007 годзе стварылі прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства. На месцы, якое выдзеліў райвыканкам, пабудавалі свой першы магазін “СебіШ”. У пачатку 2024 года, пасля рэканструкцыі памяшкання аднаго з магазінаў па вул. Прытыцкага ў г.п. Карэлічы, для зручнасці пакупнікоў і прадаўцоў, пашырэння асартыменту тавару адкрылі новы магазін. Усяго ў сетцы зараз тры працуючыя гандлёвыя кропкі: у райцэнтры, у вёсцы Паланая і аграгарадку Краснае. Апошні магазін адкрылі ў 2016 годзе. У адным з будынкаў магазіна ў г.п. Карэлічы зараз ідзе рамонт. У хуткім часе там плануецца ажыццяўляць продаж тавараў прамысловай групы.

Першапачатковымі ўкладаннямі сталі ў большай ступені асабістыя грашовыя сродкі. Вялікую справу ў развіцці бізнесу зрабіла і крэдытная лінія, адкрытая ў “Беларусбанку”. Удавалася пашырацца і за кошт абаротных сродкаў. На акупнасць магазіны выходзілі па-рознаму, у сярэднім на працягу трох гадоў. 

Самым галоўным актыватарам справы прадпрымальнікі лічаць дружны калектыў прафесіяналаў з 22 чалавек. Гэта адміністратары, таваравед, бухгалтар, прадаўцы, грузчыкі. Наталля патлумачыла, што з кожным пры прыёме на работу гутарыць асабіста: у адных сітуацыях прыходзіцца быць псіхолагам, у іншых — настаўнікам. Кадры падбіраюць хутчэй праз сацыяльныя сеткі або работу “сарафаннага радыё”. Практычна ўсе, хто прыходзіць на працу, дыпламаваныя спецыялісты. Ёсць сярод работнікаў магазінаў і такія людзі, якія працуюць у камандзе з адкрыцця першага магазіна.
Гандаль — высокаканкурэнтны рынак. Адрознівацца ад іншых карэліцкія прадпрымальнікі стараюцца ўласнымі ведамі і ўменнямі, а таксама хуткасцю рэагавання на змены ў густах і перавагах пакупнікоў. Ніякіх сродкаў у рэкламу не ўкладваюць. Адкрываліся ў адведзеных райвыканкамам месцах і паступова самі фарміравалі сваю аўдыторыю.

— Гэта ваш сямейны бізнес. А як вы размяркоўваеце абавязкі?

— Проста. Андрэй па большай частцы займаецца будаўніцтвам, афармленнем дакументаў, а я адказваю за дызайн, працую з пастаўшчыкамі, над асартыментам, — патлумачыла жанчына і дадала: — Лічу, што пачаткоўцам-прадпрымальнікам важна бачыць свой бізнес на некалькі крокаў наперад: рызыка і няўдачы ёсць заўсёды, і трэба абавязкова іх улічваць. Аднак праблемы не павінны палохаць — неабходна выкарыстоўваць складанасці як магчымасці. Нельга забываць пра рэпутацыю. Хутка прынятае, нават не вельмі ўзважанае рашэнне, лепш, чым доўгатэрміновае, але правільнае. Лепш потым зразумець, дзе памыляешся, і паправіць курс, чым губляць час і зніжаць тэмпы развіцця. Хуткасць прыняцця рашэнняў — адно з самых каштоўных якасцяў прадпрымальніка. Поспех прыйдзе да тых, хто не чакае яго седзячы на месцы, а сам актыўна і мэтанакіравана рухаецца яму насустрач.

Прадаўцы Вольга Быліч, Ірына Наўродская, Таццяна Крывапуст

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

1