Лекі для шчасця ад Кацярыны Бурдо, або як не засумаваць на пенсіі

Вечар паціху апускаўся на зямлю. Кацярына Іванаўна ступала па адталай зямлі і наталялася вясновай свежасцю. Лёгкі ветрык церабіў яе валасы, і на душы было спакойна. Жанчынай авалодвалі розныя думкі, але яна старалася адагнаць ад сябе дрэнныя і давала волю добрым успамінам.

У вёсцы жыццё як на далоні: нічога і ні ад каго не схаваеш. Жанчына гэтага не старалася рабіць ды справа жыцця не дазваляла. Яна цягнулася да людзей, а вяскоўцы паважалі за яе адносіны да працы: працавала загадчыцай Малюшыцкага фельчарска-акушэрскага пункта. Старалася ратаваць іх ад розных хвароб, ці, як яны гаварылі, лячыць балячкі. Пра іх многія сакрэты яна таксама ведала: падчас сустрэч вяскоўцы давяралі самае патаемнае. Медык старалася захаваць пачутае, штосьці ўзяць для сябе: у сказаным  было шмат павучальнага і карыснага. Вяскоўцы не заканчвалі ўніверсітэтаў, але ў споведзях было шмат таго, пра што не прачытаеш у кнігах  і не пачуеш з экранаў тэлевізараў ці ў перадачах радыё.

Сваё жыццё Кацярына Іванаўна будавала і будуе сама. У юнацтве вырашыла прысвяціць сябе медыцыне, лічыла гэтую прафесію самай высакароднай і патрэбнай.  Атрымалася, што не памылілася: сорак гадоў адпрацавала на Малюшыцкім ФАПе. Жыццё ў тыя часы ў вёсках кіпела, жыхароў жыло шмат, і трэба было быць заўсёды гатовай дапамагчы хворым. Медык спяшалася да вяскоўцаў па першым выкліку. «Жыццё пражыта недарэмна», — адзначае пра сябе жанчына.

У шэсцьдзясят два гады яна пайшла на заслужаны адпачынак. «Усё калісьці завяршаецца, галоўнае — быць сярод людзей, прыносіць карысць родным, атрымліваць задавальненне ад клопатаў», — вырашыла на першым часе.  Адно добра ведала: не будзе сядзець склаўшы рукі і абавязкова знойдзе занятак па душы. «Займуся агародам, зямля не толькі карміцелька, але і паратунак для душы», — была ўпэўнена ў гэтым меркаванні  і адразу ўзялася за справу.  Гаспадыня прадаўжае садзіць перац, памідоры, сеяць баклажаны, вырошчваць расаду, а таксама  кветкі, якія ўпрыгожваюць яе клумбы. Ружы і півоні, хрызантэмы і цюльпаны — іх мноства, і яны асалода для душы.

Душа чалавека заўсёды ў пошуку новага і нязведанага. Ніколі невядома, калі яна зможа наталіцца ці стаміцца. Спяшаецца ў вольныя хвіліны ў Малюшыцкі Дом культуры — і ў сваім паважаным узросце адчувае сябе камфортна. Можа паспяваць і патанцаваць, пагуляць у разнастайныя гульні, за кубачкам гарбаты павесці з вяскоўцамі задушэўныя гутаркі.

Кацярына Іванаўна імкнецца  быць у  курсе падзей, якія адбываюцца ў свеце, рэспубліцы, раёне.  Удзячна дзецям, дачцы Святлане і сыну Васілію, за падарунак — ноутбук.  Больш таго, і  ўнукам Машаньцы і Андрушцы, якія навучылі карыстацца сучаснымі тэхналогіямі.  Дзякуючы гэтаму жанчына можа паглядзець цікавыя фільмы, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні. Любіць чытаць «Полымя», «Беларусь сегодня, «Друг пенсионера» —   у выданнях даведваецца шмат карыснага і цікавага.

Аглядаючы навакольныя краявіды, жанчына адзначыла іх непаўторную  прыгажосць і радасць ад таго, што ўсё  жыццё пражыла на малюшыцкай зямлі. Яе душа пастаянна адгукалася на гэтае хараство, і яна знайшла незвычайны занятак для сябе: пачала займацца алмазнай мазаікай — выкладваць маленькія пластыкавыя каменьчыкі на палатно, на якое нанесена схема. Адну з работ павесіла ў сваёй хаце,  астатнія падарыла добрым людзям. Дарэчы, яна ўдзячна лёсу за сяброўку Валянціну Аляксандраўну Гіз, якая па гадах як дачка, але яе шчырае сэрца і добрыя адносіны ратуюць жанчыну ў хвіліны дрэннага настрою.

Кацярына Іванаўна Бурдо пражыла змястоўнае і цікавае жыццё, і на заслужаным адпачынку  знайшла лекі для шчасця. Вось толькі на гэтым не спыняецца. Спяшаецца ў малюшыцкую святыню, дзе адпачывае яе душа. Моліцца за сваіх дзяцей, іх добрае здароўе і сямейнае шчасце.

Ёсць у верніцы і мара: хацела б наведаць Іерусалім. Праўда, не ведае, ці атрымаецца, але гэта яе мара, і яна жыве гэтым запаветным жаданнем. Чытае Біблію, ходзіць у царкву, слухае святара і марыць аб тым, каб наведаць святыя мясціны, якія звязаны з зямным жыццём Ісуса Хрыста.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ