Эксперт-криминалист Анастасия Малушкевич рассказывает о своей профессии

Рашэнне аб стварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь было прынята ў красавіку 2013 года. Час пацвярджае яго абгрунтаванасць – новае ведамства дазволіла ўдасканаліць дзяржаўную судова-экспертную дзейнасць, узмацніць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый у крымінальным, адміністратыўным, грамадзянскім і гаспадарчым працэсе. З кожным годам расце прафесіяналізм экспертаў.  Мадэрнізацыя абсталявання, абнаўленне прыборнай базы і тэхнічных сродкаў стварылі ўмовы для працы на дастатковым узроўні. Дзякуючы іх працы ўсё таемнае становіцца відавочным.

Эксперт-крыміналіст Анастасія Малушкевіч

У ліку тых, хто стаіць на варце законнасці і правапарадку ў нашым раёне, – эксперт-крыміналіст Анастасія Малушкевіч. Дзяўчына нарадзілася і вырасла ў г. Гродна. На Карэліччыну прыехала ў 2014 годзе пасля заканчэння УА “БІП — Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій”.

— З прафесіяй я вызначылася ўжо ў дзяцінстве. А падагрэў цікавасць   выпадак:  у нашай кватэры адбыўся крадзёж.  І мне, маленькай дзяўчынцы, давялося на яве назіраць за  працай экспертаў- крыміналістаў. У старэйшых класах я ўжо ўсвядомлена вызначылася з будучай прафесіяй і пайшла вучыцца на юрыдычны факультэт. З другога курса праходзіла практыку ва ўпраўленні крымінальнага вышуку.  Працуючы ўжо тут, у райцэнтры,  паступіла  ў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, — падзялілася  суразмоўца.

Выпускніца Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь  атрымала допуск на самастойны ўдзел у якасці спецыяліста ў аглядах месцаў здарэнняў і іншых следчых дзеяннях. Затым атрымала допускі на права правядзення самых запатрабаваных крыміналістычных экспертыз: дактыласкапічных і трасалагічных.

— У абавязкі спецыялістаў нашага аддзела ўваходзіць правядзенне розных экспертыз, уключаючы экспертызы па крымінальных і грамадзянскіх адміністратыўных правапарушэннях,  матэрыялах праверак па заявах аб злачынствах, —  расказвае Анастасія.   — Дзякуючы прафесіяналізму і адказнасці нашых работнікаў раскрываюцца дзясяткі злачынстваў на тэрыторыі  раёна. Работу эксперта-крыміналіста руціннай не назавеш. Кожны раз і кожны дзень у ёй з’яўляецца нешта новае. Тут памыляцца нельга. Ад правільнасці правядзення экспертызы залежыць лёс чалавека: як таго,  хто трапіў у бяду, так і патэнцыйнага злачынцы.

— Шчыра кажучы, — прызнаецца дзяўчына, — да паступлення на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС я не вельмі добра ўяўляла і разумела, чым мне давядзецца займацца пасля яго       заканчэння.  І сёння, пасля  амаль дзесяці гадоў працы, я ніколькі не шкадую аб выбары сваёй прафесіі.

— Анастасія, ад экспертаў патрабуюць, перш за ўсё, сумленнага і прынцыповага падыходу да справы. У вашай дзейнасці гэта асноўная задача. Якія якасці дапамагаюць Вам асабіста  ў рабоце?

— Дэвізам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца: “Аб’ектыўнасць. Гонар. Айчына”. Без аб’ектыўнага і прынцыповага падыходу да сваёй працы цалкам губляецца яе сэнс.

— Што можна параіць сённяшнім выпускнікам, якія, выбіраючы прафесію, вырашаць стаць судовымі экспертамі? Якія асабістыя якасці для гэтага неабходныя?

— Асноўныя якасці, якімі павінен валодаць кожны эксперт, — гэта скрупулёзнасць, эрудзіраванасць у розных галінах ведаў. І, вядома ж,  хуткасць мыслення, уседлівасць, здольнасць лагічна думаць.

— Што б Вы хацелі сказаць калегам у Дзень судовага эксперта?

— Хацелася б павіншаваць усіх спецыялістаў экспертнай службы з прафесійным святам і пажадаць, каб ім у працы заўсёды спадарожнічаў поспех, каб у жыцці ўсё складвалася, міру і шчасця!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара