Уроженец Кореличского района Евгений Расюкевич служит начальником разведки штаба 1146 гвардейского зенитно-ракетного полка

Дзень войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі сваімі каранямі сыходзіць у 1975 год, калі пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было вырашана штогод адзначаць гэтае свята кожную другую нядзелю красавіка. У суверэннай Беларусі афіцыйна замацаваным свята стала ў 1998 годзе. Гэта дзень тых, хто нясе службу ў войсках супрацьпаветранай абароны, слаўная гісторыя якіх пачынаецца з 1941 года. Гэты від войскаў у самым пачатку свайго існавання пачаў весці непрымірымую барацьбу з ворагамі падчас Другой сусветнай вайны, чым заслужыў павагу як кіраўнікоў краіны, так і простых людзей.

  Ураджэнец в. Любанічы Лукскага сельсавета, начальнік разведкі штаба 1146-га гвардзейскага зенітна-ракетнага палка гвардыі маёр Яўген Расюкевіч запэўнівае: служба ў войсках СПА не падобная на кіно:

— На нашых плячах ляжыць адказнасць за захаванне мірнага неба над нашай краінай, а таксама ахова Беларускай АЭС. Мы пастаянна адсочваем паветраныя судны, большасць з якіх грамадзянскія.

Яўген Сяргеевіч распавядае, што жаданне звязаць сваё жыццё з ваеннай справай у яго ўзнікла яшчэ ў школьныя гады, калі ён, будучы пяцікласнікам Лукскай СШ, уступіў у шэрагі ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь».

— Большасць аднакласнікаў займаліся ў клубе. Мы бачылі, як працуюць нашы старэйшыя таварышы, і нам хацелася быць як яны. Таму я адразу ж вырашыў, што таксама стану «віцязем».

З тых часоў, нягледзячы на прайшоўшы час, Яўген захоўвае ў памяці гады, праведзеныя ў ваенна-патрыятычным клубе, заняткі страявой, шматлікія турыстычныя паходы, а таксама спаборніцтвы.

— У 2008 годзе мы адправіліся на рэспубліканскую ваенна-патрыятычную гульню «Зарніца». Было вельмі хвалююча — мы абаранялі гонар не толькі сваёй школы і раёна, але і ўсёй Гродзеншчыны. І годна справіліся са сваёй задачай, прывезлі дадому ўзнагароды за другое месца.

Пасля заканчэння школы юнак паступіў у Ваенную акадэмію вайсковай супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі ў г. Смаленск.

— Са мной вучыліся курсанты з 36 розных краін, — успамінае Яўген. — Даведаўся шмат новага пра розныя краіны і культуры. Да таго ж у нас былі вельмі добрыя вопытныя выкладчыкі. Большасць з іх — афіцэры з рэальным баявым вопытам, якія маглі не толькі даць сухую тэорыю, але і дзяліліся цікавымі фактамі і парадамі з жыцця.

Пасля выпуску Яўген паступіў на службу ў 120-ю зенітна-ракетную брыгаду ў г. Баранавічы. У 2018 годзе перайшоў на службу ў Астравец.

— Хачу ў гэты дзень павіншаваць вайскоўцаў З Днём войскаў СПА. Здароўя, поспехаў у баявой падрыхтоўцы, у засваенні новых відаў тэхнікі. Вядома, у такія неспакойныя часы — мірнага неба над нашымі галовамі. Каб комплексы, якія знаходзяцца ў нас на ўзбраенні, не прыйшлося выкарыстоўваць па прызначэнні, — кажа Яўген.

Сяргей СТОЛЯР

Фота прадастаўлена Яўгенам Расюкевічам